viasna on patreon

Барысаў: страйкуюць тыя, хто дрэнна не жыў

2012 2012-02-14T16:49:32+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bate-barysau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У панядзелак, 13 лютага, у цэхах асноўнай вытворчасці на двух прамысловых пляцоўках завода БАТЭ была спыненая праца. Працоўныя такім чынам адрэагавалі на нізкі студзеньскі заробак.

На Барысаўскім заводзе аўтатрактарнага электраабсталявання працоўныя ў панядзелак, 13 лютага, спынілі працу з-за таго, што студзеньскі заробак не перавысіў 1,5 мільёна рублёў. Канфлікт паспрабавалі згладзіць намеснікі генеральнага дырэктара Аляксандр Марчанка і Андрэй Скрыпко, якія выступалі перад страйкоўцамі і абяцалі, што адміністрацыя вырашыць «пытанне» за два дні.

Памяншэнне заробку было звязана з тым, што расійскія аўтазаводы (асноўныя спажыўцы прадукцыі БАТЭ) у студзені адпачывалі на навагоднія святы і таму пастаўкі ў Расійскую Федэрацыю ўпалі. Снежаньская зарплата работнікаў БАТЭ задавальняла, хоць і фармавалася шмат у чым дзякуючы звышурочных. У студзені ніякіх даплат не было.

“Па законах псіхалогіі першымі пачынаюць абурацца не тыя, каму заўсёды было дрэнна, а тыя якім нібыта было нічога, але становіцца горш, - каментуе сітуацыю намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі барысаўчанін Леў Марголін. - Гэта і адбылося на БАТЭ. Калі ўспомніць восеньскае абурэнне камунальнікаў, то можа паўстаць пытанне: гэта што, у Барысаве так дрэнна, ці людзі тут іншыя? Я думаю адказ трэба шукаць у наступнай плоскасці. Першае, у нашым горадзе адносна шмат прадпрыемстваў, ёсць, дзе пашукаць працу. Гэта не горад з адным або двума горадаўтваральнымі прадпрыемствамі, дзе звольняць, і не ведаеш, што рабіць. Другое, горад размешчаны на скрыжаванні транспартных шляхоў. Многія праклалі шлях ў Расію, побач Мінск і Жодзіна. Гэта дазваляе адчуваць сябе больш свабодна. Хоць я думаю, што падобныя выступы ў краіне будуць усё часцей, паколькі ў эканоміцы нічога не робіцца. Пакуль грошы не скончыліся, пра рэформы ніхто сур'езна не ўспамінае.”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства