viasna on patreon

Раёнкі Магілёўшчыны змясцілі артыкулы з нападкамі на пратэстантаў

2012 2012-02-29T12:34:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bial-pratestant-smi.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адразу некалькі раённых газет Магілёўскай вобласці ў сваіх апошніх нумарах змясцілі артыкулы, накіраваныя супраць неназваных “антыхрысціянскіх сектаў”.  Артыкулы ўтрымліваюць прыкладна аднолькавы тэкст, але ідуць ў розных раённых газетах пад рознымі назвамі, кожны раз падпісаныя іншымі людзьмі.

 У прыватнасці, у Быхаўскай раённай газеце “Маяк прыдняпроўя” артыкул, падпісаны Віталіем Івановым, змешчаны пад назвай “Они”ловцы душ”, у Хоцімскай раёнцы “Шлях кастрычніка” артыкул В. І. Бойка называецца «Они» нацелены на нас», Бялыніцкая “Зара над Друццю” размясціла ў скарочаным фармаце матэрыял, падпісаны Аляксандрам Івановым, пад назвай “Хто шукае бога, той сам яго знойдзе”.

 У артыкулах рэзка крытыкуюцца не названыя прапаведнікі, якія з’явіліся ў нашай краіне “у сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя з асаблівай місіяй – “прымусіць паверыць у Свайго Бога!”

Пад выглядам пропаведзі аб Хрысце, заўсёды ветлівыя “Ён”, “Яна” або “Яны”, расказваюць аб святасці сваёй веры і асуджаюць грахі сучаснага свету, выкарыстоўваючы пры гэтым цытаты са Свяшчэннага пісання. Калі нехта заслухаецца ці зацікавіцца, то атрымае прапагандысцкую брашуру ці часопіс і абяцанне сустрэцца яшчэ раз. Затым чалавека запросяць на сход мясцовай суполкі і будуць рыхтаваць да “новага”, “правільнага”, “сапраўднага” хрышчэння. І перахрысцяць. Як і многіх іншых нашых суайчыннікаў”.

Невядомы аўтар робіць выснову, на што накіравана дзейнасць гэтых “Яны”:

“ Хто яны такія і адкуль прыйшлі? Іх стварылі за “акіянам” для духоўнага разлажэння людзей.  Сёння іх літаратура друкуецца на 200 мовах свету… Мэта ў гэтых людзей глабальная – пасеяць хаос і “забіць Бога” у нашых душах”.

Бялыніцкі журналіст Барыс Вырвіч лічыць, што з’яўленне артыкулаў адразу ў шэрагу раёнак Магілёўскай вобласці не з’яўляецца выпадковым:

“Зразумела, што артыкул з’явіўся па рэкамендацыі “ідэолагаў”, інакш бы яго не змясцілі адразу некалькі газет пад рознымі назвамі. Адразу бачна, што скіраваны ён супраць дзейнасці пратэстанцкіх канфесій, якія ў значнай ступені з’яўляюцца незалежнымі ад уладаў. Думаю, у хуткім часе артыкул з’явіцца і ў іншых раёнках Магілёўшчыны”.

Між тым у артыкуле 31 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гаворыцца, што “Кожны мае права самастойна вызначаць свае адносiны да рэлiгii, асабiста або сумесна з iншымi вызнаваць любую рэлiгiю або не вызнаваць нiякай, выказваць i распаўсюджваць перакананнi, звязаныя з адносiнамi да рэлiгii, удзельнiчаць у адпраўленнi рэлiгiйных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства