Міліцэйскі чыноўнік з Магілёва лічыць, што закон у Беларусі гуманізуецца
У інтэрвью газеце “Веснік Магілёва” №18 за 29 лютага ў артыкуле “Правосознание нужно воспитывать” намеснік начальніка УУС і адначасова начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Сяргей Іваноў адзначыў, што змены заканадаўства ў Беларусі накіраваны ў бок гуманізацыі.
Акрамя гэтага, міліцэйскі чыноўнік адзначыў, што міліцыянты, якія пакідаюць міліцэйскую службу з-за эканамічных цяжкасцяў, маральна не былі гатовыя да нясення такой службы. Паводле яго, яны давалі клятву чэсна і высакародна, не шкадуючы свайго жыцця абараняць інтарэсы грамадзянаў, аднак з-за эканамічнага крызісу фактычна адмаўляюцца выконваць сваю клятву.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што ні ў якім разе нельга казаць пра гуманізацыю беларускага заканадаўства, а можна казаць пра ўзмацненне жорсткасці.
“Зарэгістраваць незалежную арганізацыю ці палітычную партыю немагчыма. Дагэтуль не адменены артыкул, паводле якога можна атрымаць тэрмін зняволення за прыналежнасць і дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Існуе артыкул за абразу прэзідэнта, пад які можна падвесці любога грамадзяніна за крытыку ў ягоны адрас. Узмоцнена адказнасць за правядзенне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. Таксама ўскладнены працэс атрымання дазволу на правядзенне такіх мерапрыемстваў. У краіне існуюць палітвязні. Не адменены артыкул аб вынясенні смяротнага пакарання, што робіць нашую краіну адзінай у Еўропе, дзе дзейнічае гэты від пакарання”, - гаворыць Барыс Бухель.
“Хачу адзначыць, што людзі, якія звальняюцца з міліцыі з-за эканамічных цяжкасцяў, думаюць пра тое, як карміць свае сем’і і аб уласнай годнасці, бо ніжэй чалавечай годнасці чалавек не можа апускацца. У дадзеным выпадку Сяргей Іваноў наўмысна падмяняе паняцці. Працаваць за капейкі – значыць не паважаць сябе і сваю сям’ю. Тут прасцей паехаць на заробкі ў Расію, як паступае шмат хто з магілёўскіх міліцыянтаў”, - кажа Барыс Бухель.