У Змітра Бандарэнкі пагоршыўся стан здароўя
Жонка палітзняволенага каардынатара “Еўрапейскай Беларусі” Змітра Бандарэнкі атрымала ад мужа ліст, з якога вынікае, што ў палітыка зноў абвастрыліся хваробы.
“Нягледзячы на гэта, адміністрацыя магілёўскай калоніі аказвае відавочна недастатковую дапамогу майму мужу”, – лічыць Вольга Бандарэнка.
- Піша, што быў вялікі агляд. Было вельмі цяжка, доўга стаялі, прастудзіўся. Раніцай пайшоў у санчастку, дзе яму далі лекі. Калі ён папрасіў легчы ў санчастку, то яму адмовілі. Але пасля яго ўсё ж такі паклалі, напэўна, яму стала вельмі кепска.
Апроч таго, адзначае Вольга Бандарэнка, апошнім часам узмацнілася інфармацыйная ізаляцыя яе мужа. Калі ранней ад Змітра Бандарэнкі прыходзілі лісты на палітычныя альбо філасофскія тэмы, якія публікаваліся на сайтах ці ў газетах, то зараз Вольга Бандарэнка атрымлівае лісты ў асноўным на побытавыя тэмы.