Агульнанацыянальная дыктоўка працягваецца (відэа)
Першы этап V агульнанацыянальнай дыктоўкі быў прымеркаваны да 21 лютага - Міжнароднага дня роднай мовы. Наступныя этапы напісання адбудуцца 15 сакавіка ў 17.30 (2-і этап) і 23 сакавіка ў 19.30 (3-і этап, прысвечаны ўгодкам БНР) ў сядзібе Таварыства Беларускай Мовы ў Менску па адрасе вул. Румянцава. Кожны можа напісаць яе сам ці са сваімі блізкімі ды сябрамі нават дыстанцыйна праз інтэрнэт.
Незалежны тэлеканал «Белсат» абяцае ўзнагародзіць пераможцаў дыктоўкі ў кожным з пяці гарадоў - Мінск, Гродна, Магілёў, Баранавічы і Ліда спадарожнікавай антэнай з аплачаным мантажом.
Традыцыя правядзення Агульнанацыянальнай дыктоўкі пачалася ў 2008 г. і была прапанаваная палітолагам Уладзімірам Падголам. Мэта акцыі – дэманстрацыя павагі да роднай мовы. Упершыню яна адбылася 23 сакавіка ў Беларусі і па ўсім свеце ў гонар 90-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР.
Працэс адраджэння і развіцця мовы быў згорнуты пасля рэферэндуму 1995 года, які пазбавіў беларускую статусу адзінай дзяржаўнай, а таксама пасля прыняцця ў 1998-м новай рэдакцыі Закону "Аб мовах". Сітуацыя з роднай мовай складаная: яна фактычна адсутнічае на афіцыйным узроўні.
На думку Вінцука Вячоркі, ТБМ павінна ператварыцца ў сапраўдную праваабарончую арганізацыю, падтрымліваць людзей, якія ўступаюць у барацьбу за свае моўныя правы, якія дабіваюцца адукацыі, афіцыйных дакументаў, тэлебачання на беларускай мове.