viasna on patreon

У Бялыніцкім раёне ўлады на звароты грамадзян папросту не рэагуюць

2012 2012-03-30T15:42:08+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vurvich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Барыс Вырвіч

Барыс Вырвіч

Вось ужо паўтары гады, як былая гаспадарка Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ААТ “Новая Друць” не аддае кампенсацыю за забраны зямельны надзел жыхару аграгарадка Вялікая Машчаніца Барысу Вырвічу. Мясцовыя органы выканаўчай улады прызнаюць, што вясковец мае рацыю, аднак пытанне вырашыць не могуць. Ці не жадаюць?  

“Яшчэ восенню 2010 года Машчаніцкі сельсавет забраў у мяне зямельны надзел памерам 0,3 гектара, бо менавіта на гэтым месцы гаспадарка Нацбанка “Новая Друць” вырашыла будаваць жылыя дамы для сваіх працаўнікоў, - распавядае Барыс Вырвіч. – Як і патрабуе заканадаўства, супрацоўніцы зямельнай службы Бялыніцкага райвыканкама і Машчаніцкага сельсавета правялі абмер кавалка зямлі, вызначылі ўраджайнасць пасеяных там шматгадовых траў, склалі адпаведны акт і далі абяцанне, што да новага года мне нейкім чынам кампенсуюць вартасць маіх пасеваў”.

Барыс Вырвіч кажа, што яго не здзівіў той факт, што пра сваё абяцанне і складзены акт райвыканкамаўскія і сельсаветаўскія чыноўнікі хутка забыліся:

“Іншыя жыхары аграгарадка Вялікая Машчаніца, у якіх таксама забралі надзелы зямлі пад будоўлю, пачалі скардзіцца ў розныя інстацыі. Схадзіў і я на прыём да старшыні Машчаніцкага сельсавета Аляксандра Шчацінкі. І вось ужо ў снежні наступнага, 2011-га, года да мяне да хаты прыехалі старшыня сельсавета Аляксандр Шчацінка і намеснік дырактара ААТ “Новая Друць” па ідэалагічнай працы Дзмітрый Стэфаненка. Малады ідэолаг паскардзіўся, што “Новая Друць” вельмі складанае становішча, збожжа і сена не хапае для пракорму ўласнай жывёлы, таму разлічыцца са мной яны могуць толькі бульбай, якую прывязуць мне да хаты да Новага, ужо 2012, года. Канешне, мяне крыху здзівіў той факт, што на той момант гаспадарка Нацбанка і адзін з пераможцаў рэспубліканскіх “Дажынак” знаходзіцца проста ў жабрацкім стане, але на ўмовы я пагадзіўся”.

Да сярэдзіны сакавіка 2012 года вясковец чакаў, калі ж чыноўнікі выканаюць свае абяцанні.

“ Прайшоў Новы год ужо і па кітайскім, і па старажытнаславянскім календары, але абяцанай бульбы мне так і не прывезлі, - кажа Барыс Вырвіч. – Якраз 14 сакавіка адбылася прамая тэлефонная лінія па зваротах грамадзян са старшынёй Бялыніцкага райвыканкама Аляксандрам Вароніным, я звярнуўся са сваёй праблемай да яго. Трэба сказаць, што Аляксандр Мікалаевіч мяне ўважліва выслухаў і паабяцаў, што пытанне будзе вырашана на працягу двух тыдняў. Як аказалася, і яго абяцанкі былі пустымі словамі. 28 сакавіка 2012 года мне патэлефанавала жанчына з упраўлення сельскай гаспадаркі Бялыніцкага райвыканкама, якая зноў паабяцала, што са мной у бліжэйшы час абавязкова разлічуцца, на гэты раз зернем. Як кажуць, абяцанкі-цацанкі, а дурню радасць, толькі іх і чую ўжо патара гады. Самае смешнае, што свой дом дырэктар ААТ “Новая Друць” Уладзімір Канавалаў паставіў побач з маім былым надзелам і ніякіх пазываў сумлення за тое, што не разлічыўся са сваім аднавяскоўцам, у яго не з’явілася”.

Неабходна адзначыць, што па выніках 2011 года дырэктар ААТ “Новая Друць” Уладзімір Канавалаў быў прызнаны “Чалавекам года” Бялыніцкага раёна ў галіне “Вытворчая дзейнасць”.  Раней Уладзімір Вінідзіктавіч Канавалаў не адзін год працаваў старшынёй Клімавіцкага райвыканкама, пакуль у 2005 годзе не быў прыгавораны Гомельскім абласным судом да 4 гадоў пазбаўлення волі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. У хуткім часе пасля свайго датэрміновага вызвалення са Шклоўскай выпраўленчай калоніі, у кастрычніку 2008 года, Уладзімір Вінідзіктавіч узначаліў ААТ “Новая Друць” - багацейшую гаспадарку Бялыніцкага раёна, якая належала Нацыянальнаму банку Рэспублікі Беларусь.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства