Санэпідэмстанцыя прызнала парушэнні санітарна-бытавых умоваў працы з боку “Прамжылбуду”
Магілёўская санэпідэмстанцыя прызнала парушэнні санітарна-бытавых умоваў пры будаўніцтве дрэваапрацоўчага комплекса “Мебелан”, у якое прыцягнуты замежныя інвестыцыі.
Паводле галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Магілёва і Магілёўскай вобласці спадара Шуляка, на будаўнічай пляцоўцы аб’екта з назвай “Стварэнне інжынерна-транспартнай інфраструктуры для рэалізацыі інвестпраекта ЗТАА ”ВМГ Індустры”, дзе генпадрадчыкам з’яўляецца дзяржаўная будаўнічая арганізацыя “Прамжылбуд”, парушаюцца санітарна-бытавыя ўмовы працы.
У адказе пазначана, што дрэнныя ўмовы звязаныя з утрыманнем і эксплуатацыяй аб’екта. Яны датычацца ў першую чаргу незадавальняючага санітарна-бытавога забеспячэння рабочых і санітарнага ўтрымання тэрыторыі аб’екта.
За шматлікія парушэнні “Прамжылбуд” атрымаў адпаведнае прадпісанне.
Тым часам маляр Аляксей Паўлоўскі працягвае судзіцца з кіраўніцтвам дадзенай арганізацыі, якая за яго актыўную абарону правоў працоўных не працягнула з ім працоўны кантракт.
- Гэты адказ з’яўляецца яскравым пацверджаннем майго пазову і будзе скарыстаны падчас судовага паседжання. Людзі на будоўлі працуюць у жудасных умовах з пастаянным парушэннем тэхніі бяспекі, - кажа Аляксей Паўлоўскі.
Нагадаем, што маляр спрабуе змяніць фармулёўку свайго звальнення ў працоўнай кніжцы. Акрамя таго ён патрабуе ад наймальніка за парушэнне працоўнага кантракта больш за 11 мільёнаў рублёў.
- Перамога ў гэтым судзе ужо прадвызначана, - лічыць праваабаронца Барыс Бухель. - Прадстаўнікі наймальніка прызналі каля 10 фактаў парушэння працоўнага заканадаўства. Некаторыя з фактаў пацверданы кампетэнтнымі кантралюючымі органамі: санстанцыяй і інспекцыяй працы.