Пракуратура адмовілася вырашаць лёс "Дошкі ганьбы" у Гарадку
Леанід Гаравы, актывіст Руху “За Свабоду!”, атрымаў адказ ад пракурора Гарадоцкага раёна наконт патрабавання ліквідаваць “Дошку ганьбы”, усталяваную ў райцэнтры КУВП “Гарадоцкае прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак”. Актывіст лічыць, што камунальнікі абражаюць гонар і годнасць грамадзян, публічна зганьбаваных за даўгі перад камунальнікамі. Пракуратура раіць звяртацца ў суд. Напрыканцы сакавіка Леанід Гаравы звярнуўся да пракурора Гарадоцкага раёна наконт ліквідацыі “Дошкі ганьбы”: паводле актывіста, яна ўсталявана ў выніку самаўпраўных дзеянняў прадпрыемства, якія зняважаюць і абражаюць годнасць жыхароў Гарадоччыны. "Рэспубліка Беларусь дэкларуецца як прававая дзяржава, у якой дзейнічае прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Вінаватасць грамадзян перад законам устанаўліваюць органы, упаўнаважаныя на гэта заканадаўствам у межах адміністрацыйнага, крымінальнага і іншага права. КУВП “Гарадоцкае прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак” не мае паўнамоцтваў устанаўліваць такую вінаватасць, а тым больш зняважліва ставіцца да грамадзян, якія ў межах розных абставін не могуць сваечасова заплаціць за камунальныя паслугі.Сапраўды, чаго варта сітуацыя, калі жыццёвы ўзровень грамадзянаў знізіўся амаль у тры разы ў выніку дзяржаўнай эканамічнай палітыкі?" — разважае Леанід Гаравы. Пракурор раёна Міхаіл Пацееў у сваім адказе піша, што спрэчкі, якія вынікаюць з грамадзянскіх адносін, калі хоць бы адным з бакоў у спрэчцы выступае грамадзянін, аднесены да кампетэнцыі агульных судоў. Усім, хто лічыць сябе пацярпелым, ён раіць звярнуцца ў суд Гарадоцкага раёна. Парада паказальная: тым, хто не мае грошай, каб заплаціць за гарачую ваду, пракурор раіць патраціцца яшчэ і на судовыя выдаткі… Пракурор таксама паведаміў актывісту , што не абавязаны прадстаўляць інфармацыю, хто прыняў рашэнне ўсталяваць “Дошку ганьбы”, і колькі сродкаў выдаткавана на яе выраб, рамонт і абслугоўванне. Падстаў для прыняцця мер пракурорскага рэагавання да ліквідацыі “Дошкі ганьбы” Міхаіл Пацееў таксама не бачыць. Між тым Леанід Гаравы зазначае, што на "Дошцы ганьбы" штомесяц з'яўляюцца ўсё новыя прозвішчы: раней гэта былі толькі даўжнікі Гарадоцкага раёну, цяер дадаліся яшчэ і неплацельшчыкі з самога Гарадка. Актывіст мяркуе з імі сустрэцца і высветліць іхняе стаўленне да сітуацыі. Мажліва, нехта і прыме прапанову раённага пракурора, каб усё ж звярнуцца ў суд.