viasna on patreon

Актывіста кампаніі “Ежа замест бомбаў” супрацоўнікі КДБ вербавалі ў дэканаце ўніверсітэту

2012 2012-04-30T11:55:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kgbrb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Да актывіста кампаніі “Ежа замест бомбаў”, затрыманага падчас акцыі па раздачы ежы каля станцыі метро “Усход” у Менску 15 студзеня, супрацоўнікі КДБ прыйшлі па месцы вучобы (Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт – БНТУ) і прапаноўвалі супрацоўніцтва. Імя актывіста мы не падаем у інтарэсах ягонай бяспекі.

Размова з супрацоўнікамі КДБ адбывалася ў дэканаце ўнівесітэту 13 лютага. Папярэдне намеснік дэкана факультэту БНТУ, на пятым курсе якога навучаецца актывіст, патэлефанаваў яму і папрасіў прыйсці ў дэканат, каб напісаць тлумачальную з той нагоды, што яго затрымлівала міліцыя. Намеснік дэкана сказаў студэнту, што гэта – “простая фармальнасць”.

Калі актывіст прыйшоў у дэканат, там былі  2 невядомыя чалавекі ў гарнітурах. Намеснік дэкана пакінуў студэнта разам з імі пісаць тлумачальную. Асобы ў цывільным пачалі задаваць хлопцу пытанні, датычныя ягонай грамадзянскай актыўнасці. Прадставіцца яны адмовіліся, толькі далі зразумець, што працуюць у Камітэце дзяржаўнай бяспекі. Падчас размовы 5-курсніку БНТУ пагражалі праблемамі з войскам ды размеркаваннем.

Адмовіўшыся гутарыць з невядомымі асобамі, малады чалавек накіраваўся да дзвярэй кабінету, але яны апынуліся зачыненыя. Пасля шэрагу пытанняў, на якія актывіст адмовіўся даваць адказы, дзверы звонку адчыніў намеснік дэкана і адпусціў яго.

Паўторна цікавасьць да актывіста ўзнікла пасля затрымання падчас канцэрту “Ежа замест бомбаў” 24 сакавіка ў клубе “Ё-маё”, што знаходзіцца ў будынку Палацу культуры МТЗ. Цягам наступнага тыдня, з 26 па 31 сакавіка, супрацоўнікі КДБ спрабавалі паўплываць на актывіста праз бацьку, але той заявіў, што сын не будзе супрацоўнічаць нават пад пагрозай выключэння з універсітэта.

29 сакавіка студэнт напісаў тлумачальную з нагоды новага затрымання. Крыху пазней намеснік дэкана запатрабаваў у актывіста напісаць паперу аб тым, што ён “не будзе ўдзельнічаць у палітыцы і грамадскай дзейнасці”. Аднак пазней заявіў, што неабходнасць у напісанні такой паперы знікла.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства