Аршанскія ўлады зноў адмовілі ў дазволе на пікетаванне
Чарговую адмову ў дазволе на правядзенне пікетаў атрымалі актывісты Аршанскай гарадской арганізацыі партыі "Справядлівы свет". Яны падалі заяўкі на 2 масавыя акцыі 1 траўня супраць росту коштаў і пагаршэння сацыяльна-эканамічнага становішча грамадзян.
Пікеты збіраліся праводзіць у адмыслова дазволеных гарвыканкамам месцах. Больш за тое, на гэты раз заяўнікі нават накіравалі пісьмовыя прапановы ў Аршанскі ГАУС, гарбальніцу і камунальнае прадпрыемства "Арыён" з просьбай заключыць дамовы на ахову, медыцынскае абслугоўванне і ўборку тэрыторыі.
Аднак ні адна з вышэйпералічаных устаноў не выказала згоды заключыць такі дагавор, што і стала фармальнай прычынай для адмовы з боку гарвыканкама.
Варта адзначыць, што з 2007 года Аршанскі гарвыканкам не даў ні аднаго дазволу на правядзенне масавых мерапрыемстваў прыхільнікам апазіцыі.