Затрымалі за тое, што патрабавалі правесьці «Дажынкі»
Рагачоўская міліцыя затрымала мясцовых актывістаў кампаніі «Гавары праўду» Дзяніса Дашкевіча, Уладзімера Тамковіча і Віталя Александровіча, якія перадалі ў райвыканкам пэтыцыю, каб у горадзе правялі «Дажынкі».
Затрыманьні адбыліся адразу пасьля таго, як менскія журналісты, якія сачылі за акцыяй, зьехалі з Рагачова.
31 траўня актывісты кампаніі «Гавары праўду» перадалі ў Рагачоўскі
райвыканкам больш за дзьве з паловай тысячы подпісаў жыхароў гораду
за вяртаньне «Дажынак».
Валянтэры кампаніі «Гавары праўду», якія зьбіралі подпісы, кажуць, што
шмат каго з жыхароў Рагачова запалохвалі, пагражалі звальненьнем.
На пачатку 2011 году было афіцыйна абвешчана, што «Дажынкі-2013»
адбудуцца ў Рагачове. Жыхары ўспрынялі гэтую навіну з радасьцю,
бо ў горадзе няма ніводнай грамадзкай прыбіральні, няма парку,
у занядбаным стане радзільны дом, дзіцячы шпіталь.
Але на пачатку 2012 году новы кіраўнік Гомельскага аблвыканкаму Ўладзімер Дворнік пастанавіў, што «Дажынкі-2013» пройдуць не ў Рагачове, а ў Гомелі.