viasna on patreon

Карэспандэнт НТВ Павел Селін дэпартаваны з Беларусі за сюжэт, прысьвечаны цырымоніі пахаваньня Васіля Быкава. Журналісту забаронены ўезд на тэрыторыю краіны на працягу 5 гадоў.

2003 2003-06-30T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У нядзелю, 29-га чэрвеня, спецыяльны карэспандэнт расійскага тэлеканана НТВ Павел Селін вярнуўся ў Маскву. Беларускія ўлады дэпартавалі журналіста, пазбавіўшы яго акрэдытацыі і забараніўшы ўезд на тэрыторыю краіны напрацягу 5 гадоў. Акрамя гэтага, МЗС Беларусі звярнулася ў Савет Міністраў з просьбай прыпыніць працу карпункта НТВ ў Мінску, пакуль у эфіры тэлеканала не прагучаць афіцыйныя прабачэнні за рэпартаж П. Селіна ад 25-га чэрвеня.
28-га чэрвеня Паўла Селіна выклікалі ў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, дзе яму ўручылі пастанову аб дэпартацыі з Беларусі. (Інфармацыя БелТА). Па словах прэс-сакратара беларускага МЗС Дзмітрыя Партона, прычынай такога рашэння ўладаў стаў сюжэт, які прайшоў у эфіры НТВ увечары 25-га чэрвеня і быў прысвечаны цырымоніі пахавання Васіля Быкава. "Міністэрства ўнутраных спраў лічыць, што матэрыял журналіста накіраваны на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне і правакуе канфрантацыю паміж грамадзянамі рэспублікі, якія прытрымліваюцца розных палітычных поглядаў", - падкрэсліў Д. Партон. Кіруючыся пунктам 2 артыкула 25 Закона "Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь", МУС Беларусі прыняло рашэнне аб "дэпартацыі ў добраахвотным парадку" карэспандэнта НТВ як асобы, дзеянні якой "супярэчылі інтарэсам дзяржаўнай бяспекі і забеспячэння грамадскага парадку".
Выкліку П. Селіна ў МУС папярэднічала рашэнне беларускага Міністэрства замежных спраў адносна пазбаўлення карэспандэнта НТВ акрэдытацыі. Акрамя гэтага, знешнепалітычнае ведамства Беларусі вырашыла накіраваць у Савет Міністраў хадайніцтва аб закрыцці прадстаўніцтва НТВ у Беларусі да прынясення афіцыйных прабачэнняў у эфіры. Як паведаміў БелТА прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных, у сваім рашэнні, прынятым 27-га чэрвеня, камісія МЗС па акрэдытацыі кіравалася вынікамі расследавання, праведзенага "кампетэнтнымі органамі" Беларусі. Паводле сп. Савіных, расследаванне пацвердзіла, што "выкладзеныя ў рэпартажы сцвярджэнні не адпавядаюць рэчаіснасці, маюць тэндэнцыйны, правакацыйны характар, накіраваны на дэстабілізацыю абстаноўкі ў дзяржаве і падрыў аўтарытэту органаў улады". Прэс-сакратар МЗС падкрэсліў, што Паўлу Селіну ўжо двойчы выносіліся папярэджанні за "скажэнне рэальных фактаў".
У інтэрвью расійскай радыёстанцыі "Эхо Москвы" П. Селін пераказаў сутнасць прэтэнзіяў да яго з боку ўладаў. Як заявілі яму падчас сустрэчы ў Міністэрстве ўнутраных спраў, "існуе тры пункты, якія не спадабаліся ўладам у маім рэпартажы: праблемы з прапіскай ва ўдавы Быкава, што ўзніклі незадоўга да смерці пісьменніка; тое, што зладзілі ўлады да адпявання пісьменніка, і тое, што ўлады перашкаджалі нармальна данесці пісьменніка да могілак", - заявіў Селін. Сам карэспандэнт бачыць сапраўдную прычыну раздражнення ўладаў у жорскім каментары Станіслава Шушкевіча наконт адсутнасці А. Лукашэнкі на пахаванні Быкава.

У інтэрвью той жа радыёстанцыі 29-га чэрвеня генеральны дырэктар НТВ Мікалай Сянкевіч заявіў, што "карэспандэнт выконваў сваю працу правільна і карэктна - так, як павінен выконваць сваю працу кожны журналіст".
29-га чэрвеня МЗС Расійскай Федэрацыі выказала шкадаванне з нагоды дэпартацыі расійскага карэспандэнта і чакае ад афіцыйнага Мінска тлумачэнняў гэткага радыкальнага кроку. Пра гэта паведаміў тэлеканал НТВ са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка расійскага знешнепалітычнага ведамства Аляксандра Якавенку. Старшыня Камітэта Дзяржаўнай Думы Расіі па міжнародных справах Дзмітрый Рагозін заявіў з гэтай нагоды наступнае: "Кіраўніцтва Беларусі дэманструе тое, што, нягледзячы на саюзную дзяржаву, Беларусь ужо не ў першы раз робіць такога кшталту крокі... Мы, па-мойму, ніколі такога не прымянялі да беларускіх журналістаў і, спадзяюся, ніколі не будзем прымяняць".
Шмат якія расійскія СМІ гэтымі днямі прыгадваюць папярэднія канфлікты беларускіх уладаў з расійскімі карэспандэнтамі. У прыватнасці, 1997 год, калі падобным чынам быў пазбаўлены акрэдытацыі карэспандэнт НТВ у Беларусі Аляксандр Ступнікаў, а супраць журналіста ОРТ Паўла Шарамета была заведзеная крымінальная справа. У гэтым кантэксце расійскія медыі прыгадваюць і сваіх беларускіх калег, які ў апошнія гады падпалі пад уладны прэсінг: у прыватнасці, яны ўзгадваюць крымінальныя справы супраць Маркевіча, Мажэйкі і Івашкевіча, а таксама закрыццё "Белорусской деловой газеты". (БАЖ)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства