Касацыйная скарга Паўла Свярдлова знікла
Журналіст Еўрарадыё Павел Свярдлоў 25 чэрвеня накіраваў касацыйную скаргу на прысуд Маскоўскага раёна, які 22 чэрвеня прыгаварыў карэспандэнта да 15 сутак арышту. Але дакументы да гарадскога суда так і не дайшлі. У адпаведнасці з правіламі, скаргу Павел перадаў адміністрацыі Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Адтуль яе мусілі перадаць з кур'ерам у гарадское ўпраўленне міліцыі, а потым — у суд, і таксама з кур'ерам. Як стала вядома Еўрарадыё, да ГУУС Мінгарвыканкаму скарга дайшла, а вось у судзе яе так і не пабачылі.
Такім чынам, па справе Свярдлова ў гарадскім судзе будуць разглядаць толькі скаргу адваката. Калі, натуральна, дакументы ад Паўла ўсё ж не прыйдуць.
Між тым скарга актывіста кампаніі "Гавары праўду!" Паўла Вінаградава была перададзеная 26 чэрвеня і ў суд трапіла.
Нагадаем, што разгляд касацыяў Паўла Свярдлова, Паўла Вінаградава, Аляксандра Арцыбашава, асуджаных 22 чэрвеня, адбудзецца сёння, 29 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінску. Пачатак разгляду ў 15 гадзін.