Нілу Гілевічу, Сяргею Законьнікаву і Алесю Пашкевічу нарэшце ўручылі ўкраінскія ордэны
Міністар замежных спраў Украіны Барыс Тарасюк у часе працоўнага візыту ў Менск узнагародзіў беларускіх пісьменьнікаў дзяржаўнымі ўзнагародамі Ўкраіны. Цырымонія адбылася ў пасольстве Ўкраіны. Урачыстая цырымонія ўзнагароджаньня адбылася 27 лістапада ў амбасадзе Ўкраіны. Ніл Гілевіч ушанаваны ордэнам Яраслава Мудрага 3-й ступені, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, Сяргей Законьнікаў, Іван Дмухайла — ордэнамі «За заслугі» 3-й ступені.
Указ аб узнагароджаньні беларускіх літаратараў падпісаў прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка яшчэ ў жніўні: “За асабісты ўнёсак у разьвіцьцё міждзяржаўнага супрацоўніцтва, узмацненьне аўтарытэту і пазытыўнага іміджу Ўкраіны ў сьвеце, папулярызацыю яе гістарычных і сучасных набыткаў”. Ордэны былі спачатку перададзеныя ў беларускую амбасаду ў Кіеве, але там адмовіліся дапамагчы іх перавезьці для беларускіх літаратараў.
Між тым, па звестках "Нашай Нівы", на мінулым тыдні на філфаку БДУ адбыўся інцыдэнт, зьвязаны з неафіцыйным распараджэннем кіраўніцтва БДУ зьмяніць праграму правядзеня чарговай рэспубліканскай навуковай канферэнцыі, якая павінна адбыцца напрыканцы лістападу, таму што на пленарнае пасяджэнне арганізатары мерапрыемства мелі неасцярожнасць запрасіць "апазіцыйнага" паэта і пісьменніка Ніла Гілевіча. А гэта, так бы мовіць, кідае цень на "палітычна граматную" пазіцыю універсітэта і філалагічнага факультэта ў прыватнасці. Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, класік беларускай літаратуры і часты госць да некаторага часу на філфаке БДУ, зараз - persona non grata ва ўніверсітэце.