Суд над «Бацькаўшчынай» адбудзецца 5 снежня
Судовае пасяджэнне Гаспадарчага суда г. Мінска па справе аб скасаванні дагавора арэнды з МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” прызначана. Яно адбудзецца 5 снежня ў 14.30 у будынку Гаспадарчага суда г. Мінска па адрасу: вул. Свярдлова, 3, каб 301. Справу будзе разглядаць суддзя Мельнікава.
На падрыхтоўку да суда “Бацькаўшчына” мае літаральна 5 дзён, 2 з якіх – выходныя, бо вызначэнне аб прыняцці іскавай заявы ад КУП “Мінская Спадчына” і ўзбуджэнні справы аб скасаванні дагавора арэнды Згуртаванне атрымала 30 лістапада.
Нагадаем, што права арэнды на 25 гадоў (да 2018 г.) у будынку па вул. Рэвалюцыйнай, 15, “Бацькаўшчына” атрымала ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і распараджэннем Мінгарвыканкама. Ніводны з гэтых дакументаў не страціў юрыдычную сілу.
У гэтым годзе было прынята рашэнне аб правядзенні будаўніча-мантажных работ у згаданым будынку, у сувязі з чым і былі выселеныя ўсе арандатары. “Бацькаўшчына” не стала выключэннем і 7 жніўня г.г. вызваліла займаемыя памяшканні, каб не замінаць праводзіць будаўнічыя работы (якія, дарэчы, так і не пачаліся).
У судзе “Бацькаўшчына” гатова абгрунтавана выкласці сваё бачанне сітуацыі і аргументавана даказаць, што юрыдычных падставаў для скасавання дамовы арэнды - адпаведна, пазбаўлення Згуртавання юрыдычнага адрасу – няма.
30 лістапада МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” атрымала Вызначэнне Гаспадарчага суда г.Мінска аб прыняцці іскавай заявы ад КУП “Мінская Спадчына” і ўзбуджэнні справы аб скасаванні дагавора арэнды паміж КУП “Мінская Спадчына” і МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.
Нагадваем, дамова арэнды паміж МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і КУП “Мінская Спадчына” была заключана да 2018 г. у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і распараджэннем Мінгарвыканкама. 8 жніўня МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” вызваліла памяшканне па адрасу вул. Рэвалюцыйная, 15, у сувязі з плануемым пачаткам рэканструкцыі будынка. Зараз арганізацыя і створаны на яе базе Беларускі дом знаходзяцца без памяшкання, - паведамляе Хартыя'97.