Віцебскі абласны суд спрабаваў разгледзець скаргу праваабаронцы Паўла Левінава на дзеянні абласной выбарчай камісіі ў аддзяленні кардыялогіі віцебскага шпіталя хуткай медыцынскай дапамогі, куды Левінаў патрапіў з дыягназам “гіпертанічны крыз”
Сябра Беларускага Хельсінкскага Камітэту Павал Левінаў абскардзіў рашэнне Віцебскай абласной выбарчай камісіі не рэгістраваць яго кандыдатам у дэпутаты мясцовага Савета. Скаргу праваабаронцы павінен быў разгледзець Віцебскі абласны суд. Першае паседжанне суду было прызначанае на сёння на 9.00, але ўчора Паўлу Левінаву раптам стала дрэнна, і ён быў шпіталяваны ў аддзяленне кардыялогіі віцебскага шпіталю хуткай медыцынскай дапамогі.
Учора ў 13.00 у шпіталь да Левінава прыйшлі суддзя Віцебскага абласнога суду, пракурор, старшыня абласной выбарчай камісіі і намеснік старшыні віцебскага гарвыканкама і заявілі, што паседжанне суду можа прайсці непасрэдна ў шпіталі. У выніку, праваабаронцу, якому лекары забаранілі нервавацца, стала яшчэ горш, ён страціў прытомнасць і яму змушаныя былі ставіць кропельніцу. Службоўцам прыйшлося сыйсці.
“У маёй практыцы гэта адбываецца ўпершыню. Былі выпадкі, калі ў нас судзілі апазіцыянераў у камерах ізалятараў, але каб у кардыялогіі разглядалі скаргі – не было”, –заявіў Валерый Шчукін, - паведамляе прэс-цэнтр Хартыі`97