Павал Сырамалотаў. 620 дзён за кратамі
Пра гэта Радыё Свабода паведаміла маці былога палітзьняволенага Галіна Сырамалотава. 27 верасьня пасьля абеду ў Магілёве яго пасадзілі на дызэль, і каля 18 гадзіны ён прыехаў дамоў у Бабруйск.
Празь некалькі хвілін пасьля таго, як прыехаў дахаты, Павал Сырамалотаў даў першае інтэрвію Радыё Свабода:
— Па-першае, віншуем Вас з вызваленьнем. Распавядзіце, калі ласка, як гэта адбылося.
— 25 верасьня нас зь Сяргеем Каваленкам выклікаў у свой кабінэт
«атраднік» (начальнік атраду). Сказаў, сёньня, 25-га, вы паедзеце
дадому, зьбірайцеся. Нас завялі ў рэжымны аддзел, абшукалі, сказалі, што
ў хуткім часе прыйдзе арыгінал дакумэнту. Але арыгінал паперы ўсё
не прыходзіў, і мы ўвесь гэты час чакалі, калі нас адпусьцяць. Каваленку
адправілі раней. А мяне 27 верасьня прыкладна а 13-й гадзіне вывелі
з зоны, давезьлі да чыгуначнага вакзалу, пачакалі, калі прыйдзе мой
цягнік, купілі мне квіток і адправілі. І вось я дома…
— Вы пісалі прашэньне? Калі гэта было?
— Прашэньне пісаў мой адвакат. Гэта было роўна 3 месяцы таму,
25 чэрвеня. 30 чэрвеня папера ўжо пайшла. Відаць, яны вельмі чакалі
гэтага прашэньня. І толькі праз 3 месяцы мяне вызвалілі.
— Як з вамі там абыходзіліся? Як наагул вы там пачувалі сябе?
— Цяжка адназначна адказаць… Калі была найменшая магчымасьць да чагосьці
дачапіцца, мне адразу прыпісвалі парушэньні. Калі я пісаў нейкія заявы,
стараліся цягнуць альбо наагул гэтыя мае заявы губляліся… Карацей, усё
ў такім стылі. Я быў «злосным парушальнікам» рэжыму. На мяне «павесілі»
5 парушэньняў рэжыму перад тым, як я напісаў прашэньне.
— Вас прымушалі пісаць прашэньне?
— Яны мне прапаноўвалі пісаць. Але да гэтага я сам вырашыў напісаць прашэньне.
— Я толькі што размаўляла з матулямі Яўгена Васьковіча і Арцёма
Пракапенкі. Яны Вас таксама віншуюць, вельмі рады за Вас. Адзінае,
сказалі, што Вашы сябры ўсе размовы аб прашэньнях спыняюць, кажуць, што
ня будуць пісаць…
— Зразумела…
— Ці даходзілі да Вас лісты ад сяброў, ад іншых вязьняў?
— Ад вязьняў яны ня могуць даходзіць, іх проста не прапусьцяць. Але часьцяком многія лісты не даходзілі.
— Ці даходзілі да вас весткі з волі, ці ведалі вы пра падтрымку, ці адчувалі, што грамадзкасьць, праваабаронцы за вас змагаюцца?
— Тое-сёе даходзіла, але ня ў поўнай меры. Газэты даходзілі не заўсёды.
Калі я тэлефанаваў родным, яны мне распавядалі, што адбываецца.
— Не шкадуеце за такую суровую школу жыцьця?
— Не, не шкадую, нават крыху рады, што прайшоў.
— Што самае цяжкае было ў зьняволеньні?
— Самае цяжкае, напэўна, было расстаньне з роднымі. Разлука.
— Ну а што зараз будзеце рабіць? Першыя крокі на волі?
— Мне пакуль цяжка адказаць…
***
Павал Сырамалотаў нарадзіўся 30 красавіка 1991 году ў Бабруйску. Пасьля
школы скончыў прафтэхвучэльню. Працаваў на заводзе, вучыўся
ў хіміка-тэхналягічным тэхнікуме на вячэрнім аддзяленьні.
Узяты пад варту 17 студзеня 2011 году за спробу падпалу ў ноч
на 17 кастрычніка 2010 году будынку Бабруйскага КДБ, у які былі кінутыя
бутэлькі з запальнай сумесьсю. 18 траўня 2011 году разам зь Яўгенам
Васьковічам і Арцёмам Пракапенкам асуджаны судом Бабруйску на 7 гадоў
пазбаўленьня волі (ч. 2 артыкула 339 — злоснае хуліганства, і ч.
3 артыкула 218 Крымінальнага кодэксу — пашкоджаньне маёмасьці ў асабліва
буйным памеры). Адбываў пакараньне ў калёніі № 19 у Магілёве. У чэрвені
2012 году Павал напісаў прашэньне аб памілаваньні.
Павал Сырамалотаў. 7 гадоў за бабруйскі КДБ