viasna on patreon

Новую Арт-сядзібу зачынілі яшчэ да яе адкрыцця

2012 2012-09-29T22:05:01+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Адкрытая культурная пляцоўка Арт-сядзіба, што цягам дзевяці месяцаў працавала ў цэнтры Менску і была зачыненая, верагодна, не без ціску чыноўнікаў, планавала адчыніць новае памяшканне 28 верасня з творчай сустрэчы з музыкам Лявонам Вольскім. Аднак за дзень да гэтага супрацоўнікі МНС апячаталі ўваходныя дзверы і запланаваны выступ Вольскага быў перанесены ў сядзібу БНФ.

Пра сітуацыю паведаміў у суполцы Арт-сядзібы яе дырэктар Павал Белавус: «Учора ўвечары прыйшоў да будынку і ўбачыў апячатаныя дзверы. Адразу патэлефанаваў уладальніку, які пацвердзіў, што яго выклікалі да будынку і ў ягонай прысутнасці дзверы апячаталі супрацоўнікі МНС.

Усё вельмі проста: у сераду на generation.by выйшаў цудоўны матэрыял, у якім распавядалася, што «Арт Сядзіба» ўзнаўляецца ў новым месцы і першаю імпрэзаю ў пятніцу будзе сустрэча з Лявонам Вольскім. Матэрыял пайшоў па інтэрнэту, яго прачыталі «патрэбныя» людзі, патэлефанавалі ў адміністрацыю Фрунзенскага раёну, там адразу паніка, тыя накіроўваюць праверыць памяшканне МНС, а ўладальніка ставяць перад фактам, што новыя арандатары гэтага памяшкання не пажаданыя. Такім чынам мы сёння скасавалі падпісаную дамову і новая Арт Сядзіба зачыненая, не паспеўшы адчыніцца. Вось такая ланцужковая рэакцыя.

Цяпер вынікае, што ў юрыдычнай асобы зняць памяшканне пад нашую дзейнасць нерэальна, адразу патэлефануюць і запалохаюць праблемамі ў бізнэсе. Застаецца шукаць уласнікаў-фізасобаў і замежныя прадпрыемствы, якім нічога не страшна, альбо шукаць спонсараў для набыцця нейкага будынку ці памяшкання ва ўласнасць. Самая непрыемнае, што «Арт Сядзіба» — гэта зусім не палітычны праект, цалкам культурна-асветніцкі, але беларуская мова і нашая актыўнасць выклікаюць «страх» у кагосьці».

Запланаваны ў Арт-сядзібе канцэрт Лявона Вольскага прайшоў на Сядзібе БНФ .

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства