Рада Еўропы заклікала Беларусь хутчэй прыняць новы Закон аб СМІ.
24-га ліпеня генеральны сакратар Рады Еўропы Вальтэр Швімер, выступаючы на паседжанні Пастаяннага камітэта АБСЕ ў Вене, заявіў, што яго арганізацыя настойліва заклікае беларускія ўлады хутчэй прыняць новы законапраект аб СМІ. Пры гэтым яны павінныя ўлічыць ацэнку, якую даюць беларускай сітуацыі Рада Еўропы і АБСЕ, - лічыць сп. Швімер.
"Мы ўсе віталі аднаўленне дзейнасці АБСЕ ў Беларусі і выказвалі надзею, што гэта паспрыяе будучай інтэграцыі краіны ў еўрапейскія інстытуты. Падчас візіту амбасадара Хайкена ў Страсбург у чэрвені мы дамовіліся пра поўную каардынацыю нашых дзеянняў і супрацоўніцтва напрацягу ўсяго тэрміну яго працы ў Мінску. На жаль, самыя апошнія навіны з Беларусі ў асноўным маюць негатыўны характар: у прыватнасці, недэмакратычнае прыпыненне выхаду некалькіх асноўных апазіцыйных выданняў і закрыццё офіса расійскага тэлеканала НТВ", - канстатаваў В. Швімер. "Рада Еўропы ўсё яшчэ моцна жадае, каб Беларусь заняла сваё належнае месца ў Еўропе як краіна з сапраўднымі дэмакратычнымі інстытутамі, дзе паважаюцца правы чалавека і прадастаўляецца свабода дзеянняў для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці", - заявіў ён.
Паводле БАЖ