Віцебскі актывіст патрабуе спыніць здзек з людзей, якіх прымушаюць збіраць ураджай у снегапад
Аляксандр Мікулін накіраваў зварот да старшыні Віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Косінца, дзе просіць прыняць адпаведныя захады – не дапускаць "скоцкага стаўлення" для людзей, якіх прымушаюць працаваць у антысанітарных умовах дзеля выканання загадаў вышэйшага кіраўніцтва.
Спадар Мікулін – дэпутат Віцебскага офісу “Грамадзянскай дамовы”, ініцыятывы кампаніі "Гавары праўду", накіраванай на абарону правоў мясцовага насельніцтва. Ён распавёў, што па электроннай пошце да яго прыйшоў ліст з Воршы, ад работнікаў тамтэйшых прадпрыемстваў, якіх абавязалі ехаць у калгасы, каб "ратаваць" ураджай:
"Людзі пісалі, што іх накіравалі ў Талачынскі раён, у яблыневы сад каля пасёлка Коханава на так званую "даборку" яблыкаў. Было гэта 26 кастрычніка, і ў той дзень выпаў першы снег. Схавацца ад яго не было куды, людзі мерзлі, а машыны, каб загрузціць сабраныя яблыкі, давялося чакаць даволі доўга. Пад снегападам стаялі настаўнікі, урачы, работнікі прамысловых прадпрыемстваў, якіх даслалі ў гаспадарку "па разнарадцы", не падумаўшы пра тое, у якіх умовах ім давядзецца ажыццяўляць тую "шэфскую дапамогу".
Гарадскія "шэфы" даслалі Аляксандру Мікуліну і відэаздымкі свае працы пад снегападам. Віцебскі актывіст пэўны, што такія выпадкі не адзінкавыя. Бо ў незалежныя СМІ трапіла адмысловая тэлефанаграма Віцебскага аблвыканкама, дзе гаворыцца пра тэрміновую "мабілізацыю" людзей на ўборку ільну да 22 кастрычніка. І, не ўправіўшыся да гэтага часу, у асобных гаспадарках Глыбоцкага раёну прыбіраць лён з-пад снегу накіравалі навучэнцаў ліцэю.
"Каб перадухіліць надалей такі здзек, я звярнуўся непасрэдна да старшыні аблвыканкаму. Каб ён, як кіраўнік вобласці, абавязаў кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў забяспечыць элементарны мінімум, што да ўмоваў працы гарадскіх "шэфаў". Бо інакш выкарыстанне іхнай працы, у тым ліку прымусовай працы моладзі – гэта здзек і проста скоцкае стаўленне да чалавечае асобы", -- кажа Аляксандр Мікулін.