28-га ліпеня стала вядома, што зняты з пасады дырэктар Нясвіжскай друкарні імя Сымона Буднага Аляксандр Ладзята. На мінулым тыдні гэтае прадпрыемства надрукавала нумар баранавіцкай "Местной газеты Шаг" з матэрыяламі "Белорусской деловой газеты".
Як паведамляе Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", 28 ліпеня, галоўнаму рэдактару баранавіцкага выдання Анатолю Вайцяхоўскаму патэлефанаваў сп. Ладзята, які паведаміў пра сваё звальненне і папрасіў прабачэння за тое, што не зможа выканаць дамовы паміж рэдакцыяй і друкарняй.
Друкарня ў Нясвіжы была адзіным з амаль дзесятка прадпрыемстваў, якое пагадзілася на выпуск "Местной газеты Шаг" пасля таго, як выданне ўпершыню выйшла з матэрыяламі журналістаў "БДГ". Па звестках галоўнага рэдактара "Местной газеты Шаг" Анатоля Вайцяхоўскага, спачатку ў друкарні Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, а цяпер і ў іншыя друкарні з Адміністрацыі прэзідэнта паступіла распараджэнне адмаўляцца ад супрацы з яго выданнем. Аналагічнае ўказанне тычыцца рэгіянальнага выдання з падобнай назвай - валкавыскай "Местной газеты".
А. Вайцяхоўскі заяўляе пра парушэнне правоў рэдакцыі і бліжэйшым часам збіраецца звярнуцца ў рэгіянальны гаспадарчы суд, бо дамова з Нясвіжскай друкарняй была падпісаная на год. Ён кажа, што замова на выпуск 10 тысяч асобнікаў газеты была для друкарні добрым шанцам паправіць матэрыяльнае становішча, таму што яна працуе на старым абсталяванні і пастаянна сутыкаецца з фінансавымі цяжкасцямі.
Нагадаем: 17-га ліпеня на старонках "Местной газеты Шаг" упершыню выйшлі матэрыялы журналістаў прыпыненай "Белорусской деловой газеты". 18-га ліпеня дырэктар Слонімскай друкарні Анатоль Лагуцік скасаваў дамову на паліграфічныя паслугі, спаслаўшыся на тое, што "по техническим причинам, ввиду недостаточности полиграфических мощностей, типография не имеет возможности далее печатать газету". Па звестках сп. Вайцяхоўскага, папярэдне друкарню наведала дзяржаўная інспекцыя, па выніках візіту якой была звольненая кіраўнік службы маркетынга, а дырэктар прадпрыемства трапіў у лякарню з сардэчным прыступам. 25-га ліпеня паступіў у продаж чарговы нумар баранавіцкага выдання з матэрыяламі "БДГ", надрукаваны ў Нясвіжы.