viasna on patreon

Жыхары Сьветлагорска Натальля Бордак і 17-гадовы Арсеній Ягорчанка прымусова ўтрымліваліся ў міліцыі па падазрэньні ў вывешваньні партрэту А. Казуліна

2007 2007-01-29T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра гэта паведаміў belngo.info. Па словах хлопца, міліцыянт Яўген Кісьлякоў нанёс яму ўдар кулаком у тулава. Асабовы дагляд Н. Бордак у аддзеле міліцыі правялі без панятых.

Як распавяла Н. Бордак, днямі непадалёк ад свайго дому яна сустрэла А. Ягорчанку, які жыве ў тым жа мікрараёне. Н. Бордак - грамадзкая актывістка, маці трох дзяцей і аўтар паэтычных твораў - зараз рыхтуе да выданьня зборнік сваіх вершаў. Арсень дапамагае ёй рабіць кампутаровы набор. На вуліцы Н. Бордак і А. Ягорчанка спыніліся каля сьцяны з партрэтам Аляксандра Казуліна - былога кандыдата ў прэзідэнты, які цяпер зьняволены на 5,5 гадоў турмы. "У гэты час зьявіліся 2 міліцыянты, - кажа Н. Бордак. - Калі мы ўжо адыйшлі ад сьцяны, адзін зь іх зафатаграфаў партрэт фотакамэрай мабільнага тэлефону, а затым яны моўчкі пагналіся за намі. Міліцыянт Яўген Фей схапіў мяне за рукаў і прымусова адвёў у раённы аддзел унутраных справаў".

"Да мяне падбёг сяржант Яўген Кісьлякоў і кулаком ударыў мяне па робрах, - кажа А. Ягорчанка. – Тут пад'ехаў аўтамабіль зь яшчэ некалькімі міліцыянтамі. Яны дагледзелі мае кішэні, але нічога незвычайнага не знайшлі. Тады адабралі мабільныы тэлефон і ключы. Зацягнулі мяне ў машыну і павезьлі ў раённы аддзел міліцыі". Пратакол асабовага дагляду на вуліцы і выняцьця рэчаў, як гэта патрабуецца заканадаўствам, міліцыянты ня склалі.

У аддзеле міліцыі быў праведзены паўторны дагляд А. Ягорчанкі, а таксама дагледзілі Н. Бордак. Прычым дагляд жанчыны, па яе словах, быў зроблены без панятых - негледзячы на тое, што іх прысутнасьць у такім выпадку абавязковая па закону. І хоць пры даглядзе не знайшлі нічога, а вынятыя рэчы Арсеню вернулі, грамадзян утрымлівалі ў міліцыі каля 2-х гадзінаў. Ад абодвух патрабавалі тлумачэньняў пра тое, што яны рабілі каля партрэту Казуліна.

Н. Бордак і А. Ягорчанка лічаць, што фактычна яны былі затрыманыя, але паколькі пратакол затрыманьня не быў складзены, то міліцыя ўтрымлівала іх незаконна. Па прычыне ўдару ад міліцыянта А. Ягорчанка зьвяртаўся ў паліклініку. У раённую пракуратуру грамадзянамі накіраваныя заявы з просьбай праверыць правамернасьць дзеяньняў міліцыянтаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства