Аляксандру Мілінкевічу пагражаюць забаронай на выезд з Беларусі
Аляксандр Мілінкевіч абавязаны да 10 лютага выплаціць 4 мільёны 650 тысяч рублёў штрафу, прысуджанага яму судом Кастрычніцкага раёну Мінска нібыта за “наўмыснае незаконнае перасячэнне мяжы”. Як паведаміла прэ-служба палітыка, сёння разам з копіяй судовай пастановы, Аляксандр Мілінкевіч атрымаў папярэджанне аб абавязковай выплаце да 10 лютага сумы штрафа. У адваротным выпадку, Мілінкевічу пагражае забарона на выезд з Беларусі.
25 студзеня бягучага году суд Кастрычніцкага раёна Мінска прыняў рашэнне прысудзіць лідэру аб'яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандру Мілінкевічу штраф у памеры 4 650 000 рублёў за, нібыта, “наўмыснае незаконнае перасячэнне мяжы”. Суд адбываўся ў адсутнасці Аляксандра Мілінкевіча, які даведаўся пра працэс знаходзячыся з візітам у Літве, дзе сустракаўся з міністрам замежных справаў гэтай краіны.
Нагадаем, што лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл 26-29 лістапада 2006 году знаходзіўся Рызе, дзе браў удзел у саміце НАТА. Падчас праходжання пашпартнага кантролю ў аэрапорце “Мінск-2”, памежнікі, замест пашпарта палітыка, памылкова паставілі штамп у пашпарт яго сына, таксама Аляксандра. Заўважана гэта было толькі тады, калі палітык вяртаўся з Рыгі ў Мінск. Прычым Мілінкевіч сам паказаў памежнікам іх памылку. Аднак, памежнікі памылкі не прызналі і абвінавацілі Аляксандра Мілінкевіча ў наўмысным незаконным перасячэнні мяжы. Нягледзячы на гэта, суд, пасля разгляду складзеных памежнікамі дакументаў, прыняў рашэнне лічыць Мілінкевіча вінаватым у здзяйсненні правапарушэння.
Аляксандр Мілінкевіч вінаватым сябе не прызнае і рыхтуе ў парадку нагляду скаргу на рашэнне суда: "Не заўважыць, што пашпарт не мой – гэта сур’ёзнае службовае парушэнне. Гэта відавочна, і факт неўважлівасці пагранічніка адлюстраваны ў пастанове суда. Хто вінаваты і хто павінен панесці адказнасць не выклікае сумневу. Палітычна матываванае рашэнне суда ніхто выконваць не будзе. Лічу, што сёння ўлада выкарыстоўвае гэты судовы працэс дзеля абмежавання маёй дзейнасці, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч".