viasna on patreon

30 студзеня ва ўрочышчы Курапаты адбыўся чарговы акт вандалізму

2007 2007-01-31T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

30 студзеня ва ўрочышчы Курапаты на месцы масавых расстрэлаў былі запаленыя сьвечкі. Акцыя памяці, прымеркаваная да 70-й гадавіны 1937 году, была зладжана беларускім грамадзкім аргкамітэтам у справе ўвекавечаньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Яна адбылася на прапанову расейскіх праваабаронцаў праводзіць 30-га дня кожнага месяца памінаньне бязьвінна загінулых людзей.

Як паведаміў “Радыё Свабода” дасьледчык тэмы сталінскіх рэпрэсіяў, кандыдат гістарычных навук, сустаршыня аргкамітэту Ігар Кузьняцоў, з такой ініцыятывай да яго зьвярнуліся прадстаўнікі міжнароднага гісторыка-асьветніцкага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства "Мэмарыял" з расейскага гораду Сыктыўкар.

Пры ўваходзе ва ўрочышча супрацоўнікі сьпецслужбаў у цывільным правяралі дакументы ўва ўсіх, хто прыйшоў узяць удзел у акцыі памяці.

Ня першы раз вандалы апаганьвалі гэтае сьвятое месца. Гэтым разам разламаны мемарыяльны знак “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, падараваны прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам.

Курапаты наведаў другі сакратар амбасады ЗША ў Беларусі Стывен Гілэн. “Мы лічым гэтае здарэньне вялікай трагедыяй. Гэтая лава была вельмі маленькай, але гэта быў вельмі важны сімвал сяброўства паміж беларускім і амерыканскім народамі. Гэта трагедыя”, -- сказаў дыпламат.

Нагадаем, што вандалы ня першы раз разбураюць памятны знак, усталяваны ў Курапатах ахвярам рэпрэсій 1939-1941 гадоў – ад амэрыканскага народу. Гісторык Ігар Кузьняцоў падлічыў, што ад 1994 году, калі ўсталявалі мэмарыяльны знак, гэта ўжо адзінаццаты акт вандалізму ў Курапатах у дачыненьні да лавы Клінтана: “Я думаю, што тут каментары залішнія. Гэты вандалізм можна спыніць толькі сілай. Пакуль гэта дэманстрацыя бясьсільля ўлады”.

Апошні раз вандалы наведваліся ў Курапаты два месяцы назад: уначы 30 лістапада  злачынцы зламалі “лаву Клінтана”. Тады сябры Кансерватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ прыбралі тэрыторыю і адрамантавалі сапсаваны памятны знак.

У зьвязку з чарговым актам вандалізму арганізацыя “Малады Фронт” заявіла, што не пацерпіць ані далейшага зьдзеку з магілаў і памяці расстраляных ва ўрочышчы беларускіх грамадзянаў, ані злачыннае бязьдзейнасьці з боку міліцыянтаў, і гатова аднавіць ганаровую варту ў Курапатах уключна з аднаўленьнем намётавага лагеру абаронцаў урочышча.

“Малады Фронт” падкрэсьліў, што нікому не дазволена зьдзеквацца з памяці тысячаў беларусаў, расстраляных камуністычнымі ўладамі ў 1937-38 гадах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства