Сябра Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч пакараны штрафам у 14 тысячаў рублёў за расклейку ўлётак. Разгляд справы Артура Фінкевіча адкладзены на 7 жніўня.
29 ліпеня ў судзе Савецкага раёну г. Менску разглядаліся справы маладафронтаўцаў Артура Фінкевіча і Зьміцера Дашкевіча, затрыманых у ноч з 22 на 23 ліпеня падчас расклейкі ўлётак Маладога Фронту і газеты “Наша ніва” на прасьпекце Скарыны.
Згодна з пратаколамі, пры затрыманьні хлопцы брудна лаяліся, парушалі грамадзкі парадак і хуліганілі, таму абвінавачаньне ім было прад’яўленае ў дробным хуліганстве, хаця самі маладафронтаўцы гэта адмаўляюць і лічаць, што супрацоўнікі міліцыі вырашылі проста іх больш жорстка пакараць.
Адміністратыўныя матэрыялы ў судзе разглядаў судзьдзя Руслан Казадаеў. Згодна з рашэньнем судзьдзі, Зьміцер Дашкевіч атрымаў пакараньне ў выглядзе 14 тыс. рублёў, а суд над Артурам Фінкевічам быў перанесены на 7 жніўня па прычыне неяўкі ў суд сьведкі-міліцыянера.