Салігорцы бароняць права на медыцынскае абслугоўванне
Восем вядомых салігорцаў звярнуліся з заявай да старшыні Салігорскага райвыканкаму ў сувязі з абвастрэннем праблемы медыцынскага абслугощвання ў мясцовай паліклініцы. Сярод падпісантаў -- старшыня гардской арганізацыі ТБМ Мікалай Шаравар, журналістка Ларыса Насановіч, сябра кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Уладзімір Лемеш, прадпрымальнік Уладзімір Шыла. Ініцыятарам звароту выступіў экс-кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ды былы падпалкоўнік фінансавай міліцыі Віктар Малочка.
У заяве грамадскія актывісты патрабуюць даць акдаз на шэраг злабадзённых пытанняў, датычных канкрэтных тэрмінаў будаўніцтва ў Салігорску новай паліклінікі, прыцягнення ў горад неабходных медыцынскіх кадраў, закупкі новага медыцынскага абсталявання. Заяўнікі цікавяцца захадамі, якія ажыцяўляюцца кіраўніцтвам гораду для змяншэння чэргаў ў дзеючай паліклініцы.
У выпадку, калі вышэй адзначаныя пытанні вырашаюцца ўладамі ў недастатковай меры, заяўнікі пакідаюць за сабой права правядзення масавых мерапрыемстваў пратэсту ці нават мясцовага рэферэндума.
Нагадаем, кампанія ў абарону права на даступнае для ўсіх грамадзянаў медыцынскае абслугоўванне разгарнулася ў Салігорску на пачатку мінулага тыдня. Да кампаніі далучыліся і мясцовыя праваабаронцы. Вострая праблема чэргаў у Салігорскай паліклініцы існуе ўжо доўгія гады. Дзеючая медыцынская ўстанова разлічана на 680 наведванняў штодня, але фактычна іх адбываецца ў тры разы болей. Нават па існуючых нормах магутнасць салігорскай паліклінікі меншая ў паўтары разы за неабходную.