viasna on patreon

Старшыня Слонімскага райвыканкама заверыў, што сфера ўжывання беларускай мовы будзе пашырацца

2012 2012-11-30T20:40:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bel-mova-u.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У пачатку лістапада слонімскі пісьменнік Аляксей Якімовіч сабраў подпісы сярод творчай інтэлігенцыі Слонімшчыны пад адкрытым зваротам на імя старшыні Слонімскага райвыканкама Іосіфа Паўлюкевіча. У лісце адзначалася, што “называцца беларусамі і быць імі – не адно і тое ж. Хіба можна спакойна спаць, калі знікае наш духоўны скарб – мова? Без яе няма шляху ў годнае, прыгожае заўтра. Нашы дзеткі, не чуючы і не мовячы слова па-беларуску, вырастаюць безаблічнымі, нібы шэрыя слупы… “.

У пісьме творчая інтэлігенцыя Слоніма  просіла спадара Паўлюкевіча “паспрыяць таму, каб у Слоніме і раёне адкрыліся новыя беларускамоўныя школы, класы, садкі, каб нашым дзеткам пачаць шлях да крынічнага, чароўнага слова зямлі, на якой мы жывём”.

У лістапададзе адкрыты зварот быў перададзены ў Слонімскі райвыканкам.

І вось 26 лістапада Аляксей Якімовіч атрымаў адказ са Слонімскага райвыканкама за подпісам старшыні райвыканкама Іосіфа Паўлюкевіча. У ім спадар Паўлюкевіч паведамляе: “Ваш зварот па пытанні адкрыцця беларускамоўных садкоў, школ, класаў Слонімскі раённы выканаўчы камітэт паведамляе наступнае. Упраўленнем адукацыі Слонімскага райвыканкама распрацаваны і рэалізуецца План мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнні сферы ўжывання беларускай мовы. У рамках выканання Плана мерапрыемстваў вядзецца актыўная работа па адкрыцці ва ўстановах адукацыі горада беларускамоўных класаў і дашкольных груп.

У 2012/2013 навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі  Слоніма сёння працуюць два беларускамоўныя другія класы ў СШ № 3 і ў СШ № 8, дзе навучаюцца 37 вучняў, два беларускамоўныя першыя класы ў СШ № 8 і ў СШ № 10, дзе на роднай мове вучацца 39 вучняў.

Установа дашкольнай адукацыі “Яслі-сад” № 3 Слоніма на працягу 10 гадоў працуе па адукацыйнай мадэлі этнасад, якая прадугледжвае правядзенне заняткаў на беларускай мове, азнаямленне дзяцей дашкольнага ўзросту з гісторыяй, культурай, традыцыямі Беларусі, роднага Слоніма і іх жыхароў. Акрамя ясляў-сада № 3, яшчэ ў чатырох установах дашкольнай адукацыі Слоніма адкрыты чатыры групы, у якіх адукацыйны працэс  ажыццяўляецца на беларускай мове. Гэта ў яслях-садках № 16, 18, 5, 14 г.Слоніма. Традыцыйна ўсе ўстановы адукацыі,  якія працуюць у сельскай мясцовасці Слонімскага раёна, будуюць адукацыйны працэс і зносіны на беларускай мове. Упраўленнем адукацыі райвыканкама і ўстановамі адукацыі вядзецца актыўная выхаваўчая работа з навучэнцамі, тлумачальная работа з бацькамі, праводзіцца рэкламная кампанія, якія накіраваны на вырашэнне задач росту сеткі класаў і дашкольных груп з беларускай мовай навучання ва ўстановах адукацыі, размешчаных у горадзе, пашырэння сферы ўжывання беларускай мовы, яе адраджэння”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства