Сваякі зьніклых палітыкаў ствараюць фонд.
Сваякі зьніклых палітыкаў й журналіста Зьмітра Завадзкага намерваюцца стварыць фонд для каардынацыі дзеяньняў розных грамадзкіх і палітычных ініцыятываў па расьсьледаваньні справаў зьніклых. Такое рашэньне было прынятае 30 ліпеня на агульным паседжаньні, у якім прынялі ўдзел жонкі зьніклых палітыкаў Зінаіда Ганчар і Ірына Красоўская, маці З.Завадзкага Вольга і яго жонка Сьвятлана, прадстаўнікі дэпутацкай групы “Рэспубліка”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі працы, Партыі камуністаў Беларускай, незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, праваабрончых арганізацыяў, перадае БелаПАН.
Як адзначыла Ганчар, задачай такога фонду павінна стаць у першую чаргу “каардынацыя дзеяньняў розных структураў, палітычных і непалітычных”. “Нашая галоўная мэта, -- адзначыла жонка зьніклага Віктара Ганчара, -- ня проста ствараць нейкі палітычны рэзананс, а высьвятліць, што здарылася з нашымі мужамі й дзецьмі”. У бліжэйшых плянах фонду – супрацоўніцтва з адмысловай камісіяй Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па расьсьледаваньні абставінаў зьнікненьня ў Беларусі людзей па палітычных матывах, якую ачольвае дэпутат расейскай Дзярждумы Сяргей Кавалёў, а таксама збор сродкаў для збору інфармацыі па справах зьніклых.