Бярозаўскія актывісты павіншавалі беларускіх палітвязняў са святамі
Бярозаўскія актывісты павіншавалі беларускіх палітвязняў з Калядамі і Новым годам. Беларускамоўныя паштоўкі адасланыя ў розныя месцы зняволення. Жыхарка Бярозы Таццяна Аліхвер, якая не забывае павіншаваць палітвязняў з кожнымі значнымі святамі, кажа, што гэта знак тым людзям, якія ахвяруюць сваёй воляй і сваім здароўем, што пра іх не забыліся:
- Віншаванні – гэта наш маленькі знак увагі для зняволеных, якія ахвяруюць сваёй свабодай дзеля дэмакратыі, дзеля таго, каб мы маглі свабодна выказацца, выйсці на плошчу і сказаць, з чым мы не згодны, што нас хвалюе. Зараз мы не маем такой магчымасці. Вось таму і не забываю тых, хто сядзіць у турме за нашыя правы.
Трэба заўважыць, што ў Бярозе было не так лёгка набыць беларускамоўныя паштоўкі. Нідзе іх не прадаюць ў горадзе. Можна набыць толькі на цэнтральнай пошце пры адсутнасці на рэкламных вітрынах і шчытах. Там усё месца займаюць расійскія ці беларускай вытворчасці на рускай мове.
Але ніводзін палівязень не застаўся без віншавальнай паштоўкі з Бярозы.