Гомельскі ваенны пракурор адказаў лідэру левых Уладзіміру Сякерка пра спісы на мяжы
Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы свет» Уладзімір Сякерка атрымаў адказ на свой зварот у міжгарнізонную ваенную пракуратуру. Палітык прасіў пракурора патлумачыць: хто, калі і за што ўнёс яго ў нейкія спісы, з-за чаго ён меў праблемы на мяжы. Нагадаем, раней рэгіянальнага лідэра левых знялі з цягніка пры вяртанні з Украіны. Свае дзеянні памежнікі патлумачылі тым, што Уладзімір Сякерка «праходзіць па спісах даручэнняў праваахоўных органаў». Потым суд пакараў апазіцыянера штрафам за адмову выканаць патрабаванні памежнікаў.
Запыты ў розныя структуры – у якія спісы і за што трапіў палітык, не прынеслі канкрэтнага выніку. Напрыклад, камандзір в/ч 1242 Ігар Мароз напісаў, што «на вашы пытанні адказаць не ўяўляецца магчымым, паколькі в/ч 1242 не мае звестак аб знаходжанні вас у якіх-небудзь «спісачных базах дадзеных».
Зараз жа выконваючы абавязкі Гомельскага міжгарнізоннага ваеннага пракурора Сяргей Чарэднік патлумачыў у адказе на запыт апазіцыянера, што дзеянні памежнікаў не выходзілі за межы паўнамоцтваў. Наконт спісаў ён адказаў: «На іншыя пытанні вашага звароту адказаць не ўяўляецца магчымым, паколькі дадзеная інфармацыя абмежаваная да прадстаўлення і распаўсюду згодна артыкулу 17 Закона «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі».
Уладзімір Сякерка мае намер давесці справу да суду, каб даведацца, за што ён трапіў у нейкія спісы, і як адтуль грамадзяніну можна выйсці.