Статкевіч сустрэўся з жонкай у турме
29 сьнежня, напярэдадні Новага году, палітвязень, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, Мікалай Статкевіч сустрэўся з жонкай у турме.
"Гэта быў сапраўдны цуд на Каляды, - гаворыць Марына
Адамовіч. - Першая магчымасьць спатканьня, аб якой я даведалася раніцай, і праз
тры гадзіны была ў Магілёве... Сустрэча працягвалася роўна дзьве гадзіны. Я
пабачыла яго другі раз на працягу году, які Мікалай правёў у турме. Праз год
яму, нарэшце, быў зьменены рэжым утрыманьня, што і дало права на другое
спатканьне. Канешне, я ня стала чакаць і хвіліны, як толькі аб гэтым
даведалася. Дарэчы, - сьмяецца Марына, - Мікалай аб рашэньні камісіі даведаўся,
толькі пабачыўшы мяне", паведамляе
Па словах жонкі, Мікалай Статкевіч "абсалютна не зьмяніўся. Ён трымаецца
цудоўна, быў вельмі крануты той падтрымкай, якую аказваюць яму і мне самыя
розныя людзі.
Мікалай прасіў перадаць словы ўдзячнасьці тым, хто яго падтрымлівае, а таксама
свой клопат пра мужных маладых хлопцаў, якія цаной сваёй свабоды і здароўя
бароняць свой гонар і гонар нашай краіны. Ён просіць не забываць пра тых, хто
сустракае гэтыя сьвяты за кратамі, - пераказала жонка. - А яшчэ быў вельмі ўзрадаваны
навіной пра шлюб Насты і Зьмітра, якіх шчыра віншуе і зычыць хуткай сустрэчы на
волі. Па словах Міколы, Зьміцер - самы годны, шляхетны і мужны чалавек, і ён
вельмі рады павіншаваць іх з Настай".
Марына кажа, што Мікалай, па-ранейшаму, знаходзіцца ў СІЗА, са
"старым" суседам, шмат чытае, займаецца спортам, на ўмовы ўтрыманьня
не скардзіўся. Дарэчы, ён чуў фэйервэрк, які зладзілі ў яго гонар ля сценаў
турмы 19 сьнежня, і прасіў перадаць падзяку "артылерыстам".
Ён, як і раней, катэгарычна адмаўляе любую магчымасць любых
"прашэньняў".