Аляксандр Францкевіч пазбаўлены спаткання з маці ў студзені
Кароткатэрміновае спатканне было запланавана на сярэдзіну студзеня 2013 года. Адміністрацыя калоніі, дзе знаходзіцца палітвязень, пакарала яго за знаходжанне ў чужым атрадзе – гэта лічыцца парушэннем рэжыму. Маці Аляксандра Францкевіча, спадарыня Тацяна, 30 снежня вярнулася дадому ў Наваполацк з Івацэвіцкай калоніі “Воўчыя норы”, дзе ёй паведамілі пра тое, што наступнага спаткання не будзе.
Тацяна Францкевіч ездзіла ў калонію разам з адвакатам, каб даведацца пра стан здароўя сына. Аляксандр на той час толькі выйшаў са штрафнога залятару, куды быў змешчаны на 10 сутак за адмову выконваць прыніжальныя загады адміністрацыі калоніі. Як і апасалася спадарыня Тацяна, у сына, які ўжо некалькі год жыве з адной ныркай, пагоршыўся стан здароўя. У бліжэйшы час яна збіраецца даслаць яму медыцынскую бандэроль.
У траўні мінулага года Аляксандр Францкевіч быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі па “справе анархістаў”. Яго абвінавацілі ў падпале шэрагу дзяржаўных устаноў, а таксама ва ўзломе сайта Наваполацкага гарвыканкама. На судзе сваёй віны ён не прызнаў. Палітвязень адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі ўзмоцненага рэжыму.