З 26 лютага ў менскай царкве “Новае жыццё” Аб’яднання суполак хрысціянаў поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь праводзіцца нядзельны малітоўны пост
Як паведаміў БелаПАН юрыст царквы Сяргей Луканін, з 26 лютага па 4 сакавіка ў царкве адмененыя ўсе мерапрыемствы. З панядзелка ўдзельнікі паста будуць начаваць у памяшканні царквы, размешчанай па адрасе Кавалёва, 72.
“Акрамя таго, кожны вечар вернікі будуць збірацца на вячэрнія набажэнствы, каб узносіць малітвы для развязання сітуацыі вакол будынка царквы, а таксама аб усёй Беларусі”, – сказаў юрыст. Па яго словах, прычынай паста стаў разгляд у Вышэйшым гаспадарчым судзе пазову рэлігійнай суполкі да Менскага гарвыканкама, які відавочна зацягнуўся. “Толькі на мінулым тыдні паседжанне суду пераносілася двойчы”, – адзначыў С.Луканін.
У інтэрв’ю БелаПАН пастар царквы і біскуп аб’яднання Вячаслаў Ганчарэнка заявіў, што “царкве трэба ўзмацніцца, каб перамагчы ў гэтым духоўным супрацьстаянні”. Па яго словах, калі б супрацьстаянне з гарадскімі ўладамі насіла іншы характар, рашэнне суду даўно было б прынятае на карысць суполкі, бо ў царквы ёсць усе доказы ўласнай правасці. Пастар звярнуўся з просьбай да вернікаў падтрымаць царкву малітвай і пастом.
З 18 кастрычніка мінулага года ВГС разглядае пазовы царквы аб прызнанні пазапраўным рашэння Менгарвыканкама ад 17 жніўня 2005 года аб пазбаўленні суполкі зямлі і будынка па Кавалёва, 72; аб перапрафіляванні будынка кароўніка ў культавы і змене мэтавага прызначэння зямельнага ўчастку, а таксама аб спагнанні з Менгарвыканкама шкоды, панесенай царквой, у памеры ўсіх сум дзяржпошліны, выплачанай істцом цягам мінулага года ў сувязі з абскарджаннем рашэння гарадскіх улад (1 млн. 829 тыс. рублёў).
З 5 па 28 кастрычніка 2006 года ў сувязі з сітуацыяй вакол цэрквы адбылася масавая галадоўка пратэстантаў. Акцыя была спыненая пасля таго, як 26 кастрычніка старшыня ВГС Віктар Камянкоў адмяніў рашэнне Гаспадарчага суду Менска ад 27 кастрычніка 2005 года (па пазове царквы аб прызнанні несапраўднай пастановы Менскага гарвыканкама аб спыненні права карыстання зямлёй, яе канфіскацыі і прымусовым выкупе будынка царквы) і накіраваў справу на новы разгляд у прэзідыум Вышэйшага гаспадарчага суду.