ЗША увялі санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў
Злучаныя Штаты дадалі да сьпісу беларускіх чыноўнікаў, адказных за фальшаваньне леташніх прэзідэнцкіх выбараў і разгон акцыяў апазіцыі яшчэ шэсьць чалавек. Гэта – генеральны пракурор Беларусі Пётар Міклашэвіч, начальнік палка міліцыі спэцпрызначэньня Юры Падабед, міністры адукацыі і інфармацыі, адпаведна, Аляксандар Радзькоў і Ўладзімер Русакевіч, былы міністар унутраных справаў Юры Сівакоў і начальнік управы грамадзкіх аб'яднаньняў міністэрства юстыцыі Алег Сьліжэўскі.
Як паведаміла Радыё Свабода, адпаведнае распараджэньне разьмешчанае на афіцыйным сайце міністэрства фінансаў ЗША. Яно пастанавіла замарозіць усе актывы, што знаходзяцца пад юрысдыкцыяй ЗША, згаданых грамадзянаў Беларусі. Таксама ўведзеная забарона грамадзянам ЗША мець бізнэс-дачыненьні з гэтымі асобамі.
Такім чынам, колькасьць чыноўнікаў, якія патрапілі пад санкцыі ЗША, вырасла да 16-ці – 19 чэрвеня 2006 году прэзідэнт Джордж Буш падпісаў указ аб фінансавых санкцыях адносна 10-ці асобаў.
Тады ў сьпіс патрапілі Аляксандар і Віктар Лукашэнкі, Натальля Пяткевіч, Віктар Галаванаў, Аляксандар Зімоўскі, Сьцяпан Сухарэнка, Віктар Шэйман, Дзьмітры Паўлічэнка, Уладзімер Навумаў і Лідзія Ярмошына.