viasna on patreon

Пракуратура Стакгольма: Справа аб "плюшавым дэсанце" не мае прамога дачынення да шведскай юстыцыі, бо інцыдэнт адбыўся за мяжой

2013 2013-01-18T11:41:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/na-belarus-skinuli-igrushki-sweeden-5-560x420.jpg
"Плюшавы дэсант"

"Плюшавы дэсант"

Як паведаміла агенцтва Франс Прэс, Швецыя не атрымлівала з Літвы просьбу пераняць справу аб незаконным перасячэнні беларускай мяжы лёгкаматорным самалётам пад кіраўніцтвам шведскіх пілотаў, з борта якога над тэрыторыяй Беларусі яны скінулі сотні плюшавых мядзведзяў з лозунгамі, што заклікаюць да свабоды слова.

Раней літоўская Генпракуратура заявіла, у краіне праведзены ўсе магчымыя дзеянні ў рамках крымінальнага працэсу, а далейшы крымінальны пераслед магчымы толькі ў Швецыі. Літоўскія пракуроры прызналі падазронымі двух чалавек. Прэс-сакратар пракуратуры Рыта Стундзене паведаміла, што яны з'яўляюцца жыхарамі Швецыі. Паводле звестак Генпракуратуры, у выніку расследавання ўстаноўлена, што 4 ліпеня лёгкі самалёт Jodel са шведскім рэгістрацыйным нумарам, парушыўшы лётныя правілы, без неабходных дакументаў і дазволу перасячы дзяржмяжу вылецеў з Літвы ў Беларусь, а потым вярнуўся ў Літву. Просьба Генпракуратуры разам з матэрыяламі справы перадаецца літоўскаму Міністэрству юстыцыі, якое, згодна з прадугледжаным міжнародным дагаворам парадкам перадачы, будзе пасрэднічаць у перасылцы і далейшым разглядзе справы ў Швецыі.

Аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total несанкцыянавана перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны прыкладна паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Мінска больш чым 800 плюшавых мядзведзяў з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Нягледзячы на тое што ваенныя і памежнікі адмаўлялі парушэнне дзяржмяжы, па гэтым факце была распачатая крымінальная справа. 13 ліпеня ў рамках расследавання быў затрыманы 20-гадовы фатограф Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фотаздымкі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў. Пазней стала вядома аб затрыманні рыелтара Сяргея Башарымава, які займаецца здачай кватэр на кароткі тэрмін і ў якога шведы маглі або планавалі здымаць жыллё. 31 ліпеня за "неналежнае выкананне службовых абавязкаў па арганізацыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь" Аляксандр Лукашэнка зняў з пасад кіраўніка Дзяржпагранкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёра Дзмітрыя Пахмелкіна. 1 жніўня ўлады Беларусі адмовілі ў працягу акрэдытацыі паслу Швецыі Стэфану Эрыксану, пасля чаго выбухнуў беларуска-шведскі дыпламатычны скандал. 17 жніўня КДБ змяніў Антону Сурапіну і Сяргею Башарымаву меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе.

Лукашэнка неаднаразова заклікаў Літву расследаваць здарэнне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства