Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) не знайшла ў Менску памяшканьня для правядзеньня 4 сакавіка зьезду
Пра гэта Радыё Рацыі 27 лютага паведаміў Анатоль Ляўковіч, выконваючы абавязкі старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі: "Мы зьвярнуліся да старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава з пісьмоваю просьбай аб садзеяньні нам у пошуку памяшканьня для правядзеньня зьезду. Аднак ніякага адказу мы дагэтуль не атрымалі. Тады мы самастойна зьвярнуліся ў Менскі міжнародны адукацыйны цэнтар і ў ДК Менскага трактарнага заводу. У першым выпадку мы атрымалі адказ аб „немэтазгоднасьці прадастаўленьня памяшканьня”, а ў другім кіраўніцтва ДК паведаміла, што на 4 сакавіка ў іх ужо заплянаваныя мерапрыемствы".
На думку сп. Ляўковіча, 11 зьезд БСДП-Г хутчэй за ўсё пройдзе ў сядзібе Партыі БНФ: "Вядома, гэта сапраўды нязручна, паколькі ў штаб-кватэры БНФ вельмі мала месца. Але гэта чарговы зьезд, нашая партыя афіцыйна зарэгістраваная ў Міністэрстве юстыцыі, таму я думаю, што ніякіх перашкодаў у правядзеньні мерапрыемства нашыя ўлады чыніць ня будуць".
Прадугледжваецца, што на зьезд прыедзе 150 дэлегатаў — яго галоўным пытаньнем мае быць пераабраньне кіраўніцтва. На старшыню партыі вылучаны Аляксандар Казулін, які адбывае 5,5-гадовае пакараньне ў калёніі пад Віцебскам.