Гарвыканкам запатрабаваў ад недзяржаўнай газэты “Бабруйскі кур’ер” стварыць першасную арганізацыю Беларускага рэспубліканскага таварыства ратаваньня на вадзе колькасьцю, роўнаю штатнаму складу
Кіраўніцтва найстарэйшага гарадзкога выданьня атрымала адпаведнае распараджэньне , падпісанае новым старшынём гарвыканкама Дзьмітрыем Бонахавым, паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА.
Згодна з загадам “зьверху”, суполка ратавальнікаў павінна атрымаць у памяшканьні рэдакцыі юрыдычны адрас. Акрамя таго, тлумачыцца, што трэба рабіць далей новастворанай структуры грамадзкай арганізацыі. Да 1 траўня трэба адсправаздачыцца ў аддзел ідэалёгіі гарвыканкама за афармленьне інфармацыйнага стэнда ды збор грашовых “сяброўскіх унёскаў” у памеры адной тысячы рублёў на аднаго працоўнага.
Паводле меркаваньня выконваючага абавязкі рэдактара “Бабруйскага кур’ера” Анатоля Санаценкі, гэта не ёсьць нейкім уціскам менавіта іх газэты. Такія ж загады атрымалі ўсе суб’екты гаспадараньня ў Бабруйску. Пра гэта сьведчыць “шапка” дакумэнта. Ліст раздрукаваны на кампутары, але назва прадпрыемства ўпісаная ад рукі.
“Усё, што мы можам зрабіць – часам падаваць нейкія прафіляктычныя артыкулы ад імя Таварыства ратаваньня на вадзе, – кажа Санаценка. – А прымусовае стварэньне суполкі ляжыць па-за межамі закона”.
Беларускае таварыства ратаваньня на вадзе паводле беларускага заканадаўства мае статус дзяржаўна-грамадзкага аб’яднаньня. Калі грамадзкая арганізацыя можа быць дзяржаўнай, дык і мэтад прыцягненьня туды сябраў можа быць адпаведны: дабраахвотна-прымусовы.