Някляева не пусьцілі да «Танцуючага мядзьведзя»
31 студзеня ў Хэльсынкі прэзэнтуюць кнігу вершаў Уладзімера Някляева ў перакладзе вядомага фінскага літаратара Юкі Малінена. Кніга называецца «Чырвоны захад».
Уладзімер Някляеў зьвяртаўся да ўладаў Беларусі з просьбай дазволіць яму выехаць за межы Беларусі, каб прысутнічаць на прэзэнтацыі.
«На жаль, мне адмовілі. Таму не магу знаходзіцца на гэтай вечарыне. Ведаю, што весьці яе будзе перакладчык Юка Малінен», — паведаміў Свабодзе Ўладзімер Някляеў.
Юка Малінен за пераклад вершаў Уладзімера Някляева для гэтай кнігі атрымаў прэстыжную фінскую прэмію «Танцуючы мядзьведзь».
Уладзімер Някляеў, згодна з рашэньнем суду, павінен з 20:00 да 6:00 знаходзіцца дома, рэгулярна адзначацца і не пакідаць межы Менску. Крымінальна-папраўчая інспэкцыя раней выносіла Някляеву афіцыйныя папярэджаньні за парушэньні рэжыму.
Былы кандыдат на прэзыдэнта, палітвязень Уладзімер Някляеў асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 2 гады. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня.