Адноўлены выхад незалежнага тыднёвіка “Новы час”
Пасьля гадавога перапынку адноўлены выхад недзяржаўнага тыднёвіка “Новы час”. Гэта выданьне, заснаванае Менскай гарадзкой арганізацыяй Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны пяць гадоў таму, паведамляе Радыё Свабода.
“Новы час” быў зарэгістраваны 25 сакавіка 2002 году і да 2006 году выйшла 45 ягоных нумароў. Летась у сувязі са зьменамі ў заканадаўстве грамадзкая арганізацыя страціла права быць выдаўцом і мусіла стварыць дзеля гэтага адмысловую гаспадарчую структуру, сама застаўшыся толькі заснавальнікам.
Вырашэньне гэтых праблем расьцягнулася больш як на год. Цяпер, спадзяецца старшыня сталічнае арганізацыі ТБМ і галоўны рэдактар газэты “Алена Анісім”, “Новы час” будзе трапляць да чытача кожны тыдзень. “Новы час” не акрэсьлівае ў зьмесьце сваіх публікацый нейкую адну сфэру грамадзкага жыцьця краіны, а зьбіраецца пісаць пра ўсе важныя падзеі, – зазначае галоўны рэдактар. – Усё ж такі ў нас ня так багата на сёньня беларускамоўных выданьняў, тым больш незалежных, якія маглі б проста асьвятляць жыцьцё ўнутры Беларусі, адчуць рытм, пульс гэтага жыцьця”.
Адноўлены тыднёвік ня мае пакуль сваёй падпіскі. Адмовіліся прымаць яго да распаўсюду і прадпрыемствы “Белсаюздруку”. Трапіць да чытача “Новы час”, як і іншыя незалежныя выданьні краіны, – кажа спадарыня Анісім, –можа толькі праз падпіску па пошце і ўласных распаўсюднікаў. У хуткім часе тыднёвік адновіць і сваю інтэрнэтную вэрсію.