viasna on patreon

Супрацоўнікі КДБ спрабавалі ўвайсьці ў кватэры Зьміцера Хведарука

2007 2007-03-12T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супрацоўнікі КДБ у цывільным разам з міліцыянтамі спрабавалі ўвайсьці ў прыватную кватэру аднаго зь лідэраў Маладога Фронту, Зьмітра Хведарука. Спачатку яны доўгі час не маглі ўвайсьці нават у пад’езд гмаху, аднак патэлефанаваўшы суседзям, зайшлі й пачалі пытацца ў людзей, ці ня бачылі яны Зьмітра й ці ня ведаюць, калі ён прыйдзе, паведамляе прэс-служба Маладога фронту.

Пасьля гэтага прадстаўнікі спэцслужбаў зрабілі некалькі нахабных спробаў, ужываючы розныя сродкі, увайсьці ў кватэру маладафронтаўца, даволі доўгі час проста спрабавалі зламаць дзьверы, аднак не атрымаўшы выніка вымушаныя былі сыйсьці. Відавочна, што гэтыя дзеяньні карных ворганаў зьвязаныя з акцыяй, якая адбудзецца 25 сакавіка ў 12:00 на плошчы Каліноўскага ў Менску. Рэжым спрабуе ўсімі магчымымі сродкамі блякаваць і зрабіць так, каб маладафронтаўскія вулічныя лідэры не патрапілі на сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці Беларусі.

Малады Фронт расцэньвае дзеяньні ўладаў, як спробу ліквідаваць сваіх палітычных апанэнтаў. Учорашнія нахабныя паводзіны супрацоўнікаў КДБ зьяўляліся абсалютна незаконнымі, бо па-першае прадстаўнікі праваахоўных ворганаў зьявіліся каля кватэры аднаго зь лідэраў Маладога Фронту пасьля 23 гадзінаў, што ўжо парушае беларускае заканадаўства, па-другое ня мелі аніякіх афіцыйных дакумантаў на ператрус, допыт і так далей. Малады Фронт лічыць, што дзеяньні супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў адбываліся па загаду вышэйшага кіраўніцтва відавочна з мэтаю запалохаць альбо ліквідаваць на пэўны час найбольш актыўную моладзь перад акцыяй у Дзень Волі. На вялікі жаль, мы ўпэўненыя, што, як сьведчыць досьвед мінулых палітычных кампаніяў, правакацыі таго ж кшталту ў дачыненьні да сяброў Маладога Фронту й іншых моладзевых арганізацыяў і палітычныях партыяў будуць працягвацца. Трэба таксама дадаць, што ў Менску працягваюцца выклікі на допыт у галоўную пракуратуру горада актывістаў моладзевага нацыянальнага руху.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства