viasna on patreon

Супрацоўніка міліцыі зацікавіла, чаму газета “Магілёўскі выбар” распаўсюджваецца “без дазволу”

2013 2013-02-27T07:14:57+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vybar-gazeta.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 лютага ўчастковы інспектар, старэйшы лейтэнант міліцыі Сяргей Карыткін зноў завітаў да былога дэпутата Бялыніцкага райсавета Валерыя Усіка ў вёсцы Лебедзянка Бялыніцкага раёна. На гэты раз прычынай для візіта супрацоўніка міліцыі паслужыла тое, што ён хацеў даведацца ў Валерыя Дзямідавіча, на якой падставе той распаўсюджваў газету “Магілёўскі Выбар” “без дазволу”.

Валерый Усік па тэлефоне быў вымушаны звярнуцца за дапамогай да выдаўца газеты “Магілёўскі Выбар”, бялыніцкага журналіста Барыса Вырвіча.

“26 лютага дзесьці ў 16.20 мне патэлефанаваў Валерый Усік, сказаў, што ў яго дома знаходзіцца ўчастковы інспектар Сяргей Карыткін, спрабуе высветліць, на якой падставе ён распаўсюджваў газету “Магілёўскі Выбар” без дазволу, - распавядае Барыс Вырвіч. – Валерый Дземідавіч патлумачыў супрацоўніку праваахоўных органаў, што ён распаўсюджвае гэту газету, таму што яму падабаюцца друкуемыя ў ёй матэрыялы. Старэйшага лейтэнанта адказ не задаволіў, таму Валерый Усік патэлефанаваў мне, каб я даў паважанаму супрацоўніку міліцыі неабходныя тлумачэнні. Давялося тлумачыць Сяргею Карыткіну палажэнні артыкула 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закона Рэспублікі Беларусь аб сродках масавай інфармацыі, якія ў нашай “дэмакратычнай” краіне пакуль яшчэ ніхто не адмяняў. Мне здалося, што супрацоўнік міліцыі даведаўся нешта новае для сябе, а менавіта тое, што “Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя” і гэта мяне ўжо радуе. Ён паабяцаў мне, што пераправерыць агучаную мной інфармацыю аб тым, што ніякага дазволу на распаўсюд газеты “Магілёўскі Выбар” не патрабуецца і на гэтым мы скончылі тэлефонную размову. Аднак мне пазней зноў ператэлефанаваў Валерый Усік і сказаў, што Сяргей Карыткін усё ж складае на яго пратакол за распаўсюд газеты “Магілёўскі Выбар”. Зноў мне давялося пераконваць супрацоўніка міліцыі, што яго дзеянні не адпавядаюць літары закона, зачытваючы цэлыя артыкулы Канстытуцыі РБ і Закона аб СМІ. Здаецца, здолеў яго пераканаць, што непатрэбна рабіць відавочнае глупства, аднак зараз сумняюся, бо, магчыма, загад вышэйстаячага кіраўніцтва будзе больш важкім”.

Газета “Магілёўскі выбар” выдаецца накладам 299 асобнікаў з лютага 2012 года. Выданне пазіцыянуе сябе як абласная дэмакратычная трыбуна, дзе са сваімі меркаваннямі і думкамі перад чытачамі можа выказацца любы прадстаўнік грамадзянскай супольнасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства