"Жыццё пасля кратаў" (фота)
Пры поўным аншлагу адбылася прэзентацыя новай кнігі журналіста Аляксандра Тамковіча "Жыццё пасля кратаў" 26 лютага. Кніга складаецца з 27 артыкулаў, у якіх распавядаецца аб тым, што адбывалася ў жыцці ўдзельнікаў трагічных падзей 19 снежня 2010 года, якія адбылі арышты за ўдзел у гэтак званых “масавых беспарадках".
Пра тое, наколькі актуальнай застаецца тэма «Плошчы-2010», сведчыла колькасць людзей, якія сабраліся на Управе БНФ. Аднак, нягледзячы на цеснату, прысутныя праяўлялі непадробную цікавасць да выступоўцаў і да самой падзеі.
Сябра рады праваабарончага цэнтру “Вясна” Таццяна Рэвяка знайшла трапны сінонім для новай кнігі Тамковіча, назваўшы яе “неперагорнутай старонкай календара”. Гэты дзень доўжыцца і для тых, хто дагэтуль адбывае зняволенне, і для тых, хто апынуўся ў вымушанай эміграцыі, і для тых, хто знаходзіцца пад вызначанымі судом абмежаваннямі.
Як заўважыў на прэзентацыі Уладзімір Някляеў, у гэтай кнізе вытрыманы прынцып сямейнага альбому, з якога пра чалавека можна даведацца больш, чым з любых расповедаў.
Аляксандр Фядута, таксама герой кнігі Тамковіча
выступаў досыць эмацыйна: “Тыя,
каго называюць генераламі і палкоўнікамі плошчы, гэта людзі, перад якімі
маячылі ці то слава, ці то грошы, ці то эміграцыя… Мы ўсе, ідучы на плошчу, ведалі, навошта мы туды ідзём
і за што будзем сядзець. А тыя маладыя хлопцы, якіх збівалі і
саджалі, ішлі за нашу і вашу свабоду – вось яны і ёсць сапраўдныя героі!
Дзякуй, што мы можам апынуцца побач на старонках адной кнігі з тымі, хто ішоў
на плошчу за свабоду і толькі за яе.”