У Салігорску працягваецца барацьба за моўную роўнасць
Жыхары сталіцы гарнякоў патрабуюць прывядзення назваў салігорскіх органаў уладаў у адпаведнасць з Канстытуцыяй і законам “Аб мовах”.
Адпаведная заява з ініцыятывы намесніка Салігорскай гарадской арганізацыі “Таварыства беларускай мовы” Уладзіміра Маскоўскага была накіравана старшыні Салігорскага райвыканкаму Аляксандру Рымашэўскаму. Сярод іншага грамадзяне патрабуюць вывесіць шыльды на будынку Салігорскага райвыканкаму і раённага Савета дэпутатаў на дзяржаўнай беларускай мове. На дадзеным момант уваход гэтых дзяржаўных органаў аздоблены шыльдамі толькі на рускай мове. Такая сітуацыя фактычна дыскрымінуе беларускамоўных грамадзян раёну, якія пры звароце ў дзяржаўныя ўстановы не могуць карыстацца сваё роднай мовай, пачынаючы наўпрост з уваходу ў будынак.
Таксама заяўнікі патрабуюць усталявання кантролю за выкананнем артыкула 17 Канстытуцыі і артыкула 31 закона “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” з боку дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў Салігорску і Салігорскага раёну.