Затрыманых журналістаў БелаПАН вызвалілі
У другой палове дня 28 лютага каля Акадэміі навук у Мінску супрацоўнікі міліцыі затрымалі журналістаў Васіля Сямашку, Ганну Афоніну і Сяргея Сацюка.
Пра гэта паведаміла агенцтва БелаПАН.
Прычыну затрымання ім не растлумачылі. Затрыманыя паінфармавалі калег, што іх павезлі ў аддзяленне міліцыі Першамайскага раёна для разбіральніцва.
Там супрацоўнікі міліцыі перапісалі пашпартныя дадзеныя затрыманых, прагледзелі адзнятае відэа, нічога не выдалялі.
Як распавялі журналісты прэс-службе ГА "БАЖ", яны рабілі апытанне ў раёне Акадэміі навук: прапаноўвалі мінакам адказаць на пытанне, каго б яны падтрымалі матэрыяльна — уладу ці апазіцыю, — кінуўшы сімвалічныя грошы ў адну з дзвюх адпаведных скрыняў. Увесь працэс здымалі на відэа. Праз пэўны час да іх падышлі міліцыянты, праверылі дакументы, потым пад'ехала "Газэль", у якую журналістам прапанавалі сесці і "праехаць".
На развітанне міліцыянты Першамайскага РАУС параілі ім наступным разам ладзіць свае апытанні на тэрыторыі іншага раёна.