Канадскі літаратар Норман дэ Бэльфёй «парадніўся» з Алесем Бяляцкім
Палітвязень у гэтым месяцы атрымаў пасланне з канадскай правінцыі Квебек. Вядомы прадстаўнік сучаснай франкаканадскай літаратуры Норман дэ Бэльфёй (Normand de Bellefeuille) перадаў Алесю Бяляцкаму свой паэтычны зборнік "Мой шум" (Mon Bruit) з аўтарскім прысвячэннем.
У прысвячэнні Норман дэ Бэльфёй звяртаецца да Алеся Бяляцкага як да калегі-літаратара:
"Алесю, сябру невядомаму, далёкаму і ўсё ж такому блізкаму.
Бывае, што нават у тых, хто, як лічыцца,
валодае імі як майстэрствам, раптам не хапае слоў, яны ўслізваюць, вырываюцца
... Тады застаецца толькі адно - проста засведчыць свае пачуцці і бясконцую
салідарнасць. Занадта шмат пісьменнікаў у нашыя дні забываюць,
што яны павінны б быць таксама - а магчыма і ў першую чаргу - грамадзянамі, у
поўным сэнсе гэтага слова, а значыць - залучанымі, празорлівымі і "неадсутнымі",
бачнымі ў грамадскай прасторы. ВЫ
гэта зразумелі ... і зараз ВЫ плаціце за гэта.
Мае
думкі, мая салідарнасць і брацкія да Вас пачуцці ідуць услед за Вамі ў Вашых выпрабаваннях!
Норман дэ Бэльфёй,
сябра невядомы і ўсё ж ЗУСІМ БЛІЗКІ"
Сп. дэ Бэльфёй пазнаёміўся з Алесем Бяляцкім завочна – праз удзел у акцыі "Кнігі як паветра", якая праходзіла на Міжнароднай выставе-кірмашы "Кніжны салон у Манрэалі". Арганізатарамі гэтай акцыі салідарнасці з пісьменнікамі-вязнямі выступілі канадскае аддзяленне праваабарончай арганізацыі Amnesty International, квебекскі ПЭН-цэнтр і Саюз пісьменнікаў і пісьменніц Квебека (UNEQ). Падчас мерапрыемства (праходзіла яно 15 лістапада - у Міжнародны дзень пісьменніка ў зняволенні) франкаканадскія літаратары публічна зачытвалі прысвячэнні сваім зняволеным калегам з розных краінаў свету.
Пра гэта Алесю Бяляцкаму ў суправаджальным лісце распавяла Ан Сант-Мары (Anne Sainte-Marie), супрацоўніца аддзялення Amnesty International з Манрэаля. Яна піша:
"Гэтая акцыя <...> парадніла пісьменнікаў Квебека з пісьменнікамі, пазбаўленымі
свабоды выказвання ва ўсім свеце.
Акцыя "Кнігі як паветра" дазволіла Amnesty International прыцягнуць увагу шырокай публікі да праблемаў з правамі
чалавека ў свеце. Гэты праект, праз збор подпісаў пад петыцыямі,
звернутымі да непаважаючых правы
чалавека кіраўнікоў урадаў, дае
масам магчымасць уключыцца па
меры сваіх сіл у акцыі ўздзеяння на такія краіны".
Як паведамляе Ан Сант-Мары, у рамках акцыі пад петыцыяй, якая патрабуе выканання правоў чалавека ў Беларусі, было сабрана больш за 600 подпісаў. Петыцыя перададзена Амбасадару Беларусі ў Канадзе.
"Мы спадзяемся, што гэты ліст знойдзе Вас у добрым здароўі, што гэты праект дапаможа Вам і што гэты сімвал надасць Вам мужнасці і надзеі" - з такімі словамі ў завяршэнне звяртаецца да Алеся Бяляцкага прадстаўніца Amnesty International.
Алесь Бяляцкі, у сваю чаргу, перадае падзяку камандзе Amnesty International. Ён піша, што атрымлівае ўсе лісты і паштоўкі салідарнасці ў рамках акцый гэтай арганізацыі, якія змякчаюць шэрасць яго будняў у сценах калоніі.
ПЦ "Вясна" дзякуе Сашы Кулаевай (FIDH) за пераклад з французскай.