Гомель: апазіцыянераў выклікаюць у міліцыю за Дзень Волі
Намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў вечарам 28 сакавіка атрымаў позву з'явіцца «для вядзення адміністрацыйнага працэсу» у Навабеліцкі РАУС Гомеля, да начальніка аддзелу аховы грамадскага парадку Генадзя Хількевіча.
Па словах праваабаронцы Леаніда Судаленкі, такую ж позву у Навабеліцкі РАУС атрымаў і грамадскі актывіст Уладзімір Шыцікаў. «Напэўна, улады вырашылі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці найбольш актыўных удзельнікаў акцыі, якая прайшла 25 сакавіка ў Гомелі да Дня волі», - лічыць праваабаронца.
Нагадаем, 25 сакавіка актывісты гомельскай кааліцыі дэмакратычных арганізацый наведалі магілу дзеяча нацыянальнага адраджэння Цімоха Вострыкава ў вёсцы Раманавічы, дзе ўсталявалі памятную шыльду на беларускай мове, і ўсклалі кветкі да месца, дзе стаяў дом дзеяча БНР Палуты Бадуновай (у Навабеліцкім раёне Гомеля).