Сям'ю бабруйскага лідэра АГП затрымалі на мяжы
Раніцай 29 сакавіка Віктар Бузінаеў разам з дачкой і жонкай вярталіся з Кіева. Украінскіх памежнікаў прайшлі без праблем, а беларускія зацікавіліся брашурамі, якія ляжалі ў бакавых дзверках машыны.
-Мы паехалі ў Кіеў на адзін дзень, бо дачка выйграла квіток на канцэрт музычнай каманды, а мы склалі кампанію. Туды патрапілі без праблем, а калі вярталіся, нас вырашылі праверыць, - расказвае жонка бабруйскага лідэра АГП Наталля Бузінаева. -Знайшлі кнігу вершаў Някляева, некалькі брашурак "Што Еўропа можа зрабіць для Беларусі?" і некалькі буклетаў па беларускаму заканадаўству. Адразу памежнікаў гэта зацікавіла, пачалі пытаць, што гэта? Папрасілі выйсці з машыны, завялі ў асобны пакой і там трымалі чатыры гадзіны.
Падчас "адсідкі" ў пакойчыку памежнай службы, актывіст і яго сям'я напісалі тлумачэнні наконт гэтых брашур. Але ў выніку ім іх так і не вярнулі.
-Памежнікі сказалі, што будуць праводзіць экспертызу друкаваных матэрыялаў. А калі правераць, дашлюць нам адказ на гэты конт. Нас вельмі здзівіла гэтая працэдура, бо брашуркі і вершы Някляева няікаяй пагрозы не нясуць, а падобныя праверкі наадварот, толькі перашкаджаюць людзям. Мы планавалі быць дома ўжо ў 9 раніцы, а ў выніку прыедзем толькі днём, - адзначыла Наталля Бузінаева.