Алесь Бяляцкі. З чаго пачалася мая беларускасьць. Частка 4
Праваабарончы цэнтр “Вясна” публікуе лісты Алеся Бяляцкага з бабруйскай калоніі, у якіх палітвязень распавядае пра свой шлях да беларушчыны.
20 сакавіка 2013
Бабруйск
На выходныя, у суботу і нядзелю, у сьветлагорскім Палацы культуры хімікаў ладзіліся танцы. Грала жывая музыка, пад канец танцаў уключалі магнітафонныя запісы. Як на цяперашні мой густ, узровень музыкаў і рэпертуар, які яны гралі і сьпявалі, быў даволі прыстойным і сучасным па тым часе. Багата кампазіцыяў сьпявалі-перапявалі па-ангельску.
На танцах зьбіралася сьветлагорская моладзь: старшакласьнікі гарадзкіх школаў, навучэнцы ПТВ, тэхнікуму. Туды часта прыходзілі патусавацца і мы, некалькі маіх аднакласьнікаў і сяброў з паралельных класаў. Некалькі чалавек з нас хадзілі на танцавальны гурток, быў такі пры Палацы, і мелі бясплатны ўваход на дыскатэку.
І вось аднаго разу стаяў я ў шчыльным натоўпе на танцавальнай пляцоўцы, падзеленым на невялікія групкі і копцы, якія ўвесь час рухаліся і зьмяняліся. Хтосьці шукаў знаёмых, хтосьці, пакуль была паўза, сьпяшаўся зьбегаць у прыбіральню. Мы таксама пра нешта размаўлялі, як заўсёды, сьмяяліся.
І я раптам пачуў з недалёкага суседняга кола, як там хтосьці гучным і ўпэўненым голасам штосьці сказаў пра “Дзікае паляваньне караля Стаха”. Я пачуў толькі ўрывак з размовы. Сказана было наступнае: “Вось гэта – сапраўдная беларуская літаратура! Вось што трэба чытаць!” Я аж падскочыў. Мяне як варам абварыла. Гэта ж акурат тое, што думаю і пра што я распавядаю сваім сябрам! Няўжо яшчэ хтосьці прачытаў Караткевіча і незалежна ад мяне прыйшоў да такіх самых высноваў? Няўжо існуе чалавек, з якім мы маем падобныя літаратурныя густы? Родная душа?
Я спытаўся ў некага з сяброў: “А хто гэты хлопец?”, паказаўшы яму на юнака, які быў прамовіў гэтую тыраду. Мне адказалі, што гэта – Юркавец, наш равесьнік, што ён вучыцца ў той і той школе, і што ён добры знаёмы яшчэ аднаго нашага аднакласьніка.
Неперадавальнае адчуваньне ахапіла мяне. Тут, на сьветлагорскіх танцульках, сустрэць чалавека, які чытае беларускія кніжкі, і якраз тыя кніжкі, якія трэба чытаць! Я ўпершыню, у 16 гадоў, у сваім захапленьні беларускай літаратурай, а праз Уладзіміра Караткевіча ўжо і захапленьні беларушчынай – і мовай, і гісторыяй, яшчэ ня ведаючы добра ні адной ні другой, але ўжо глыбока эмацыйна адчуваючы ўсю веліч храма беларушчыны, пачуў чалавека, які прамовіў ва ўнісон з маімі думкамі і ўяўленьнямі. Я ўпершыню адчуў, што я не адзін, не самотны дзівак-рамантык, флюіды і пасылы якога выклікаюць у сяброў у лепшым выпадку спакойнае разуменьне, што ёсць людзі, якія думаюць акурат як я.
Мне нясьцерпна хацелася пазнаёміцца з Юркаўцом, паразмаўляць найперш пра Караткевіча, а можа і яшчэ пра што. Але ў той вечар падыйсьці да яго я пасаромеўся. А потым так і не атрымалася. Я чакаў якой-небудзь нагоды, сам ініцыятывы не праяўляў і не шукаў яго, хаця знайсьці і сустрэцца ў невялікім гарадку было даволі проста. Пэўна мне хапала і веданьня таго, што ў гэтым зрусіфікаваным савецкім Сьветлагорску жыве чалавек, які ведае, хто такі Караткевіч, і які цэніць яго таксама, як я.
Спаткаліся мы з Юркаўцом болей чым праз дзесяць гадоў, калі абодва жылі і працавалі ў Менску. Напачатку 90-х у музей Максіма Багдановіча, дзе я тады працаваў дырэктарам, прыйшоў мой прыяцель мовазнаўца Зьміцер Саўка. “Вось, - прадставіў ён пасьміхаючагася, з русай барадою, у акулярах з тоўстымі шкельцамі хлопца, - мой прыяцель і твой зямляк Юркавец”. Я паціснуў яму руку, і ў мяне заныла сэрца. Я адразу згадаў ягоны ўпэўнены голас, “Дзікае паляваньне”, танцы ў Сьветлагорску ў 1978-м годзе. Вось ён, гэты Юркавец, на адзіны выраз якога, пачуты ў шуме натоўпу, я абапёрся тады, як сасьмяглы путнік на кій, з тым, каб упэўнена пакрочыць далей. Я і не забываў яго ніколі, як нельга забыць той адпраўны пункт, ад якога ты пачынаеш сваю доўгую хаду.
Чытайце таксама:
Алесь
Бяляцкі. З чаго пачалася мая беларускасьць. Частка 1
Алесь
Бяляцкі. З чаго пачалася мая беларускасьць. Частка 2