viasna on patreon

Алесь Бяляцкі. З чаго пачалася мая беларускасьць. Частка 5

2013 2013-03-30T20:07:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mova-uliotka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: racyja.com

Фота: racyja.com

Праваабарончы цэнтр “Вясна” публікуе лісты Алеся Бяляцкага з бабруйскай калоніі, у якіх палітвязень распавядае пра свой шлях да беларушчыны.

 

20 сакавіка 2013
Бабруйск

“Дачны ўчастак”, ці, як называюць у Сьветлагорску, агарод у нас быў недалёка ад хімічнага заводу. З прахадной бацькі даходзілі пешшу за сем хвілінаў. Месьціўся ён у гэтак званым зялёным поясе, які высадзілі вакол хімзаводу дзеля экалагічных мэтаў. Ня ведаю, каму затым з гарадзкога і завадзкога начальства прыйшла ў галаву гэтая “цудоўная” думка – паміж зялёных палосаў, засаджаных таполямі, нарэзаць зямлю пад агароды для працаўнікоў “хімдыму”. Людзі пасадзілі сады, пабудавалі хаткі, падвялі ваду з рэчкі, угнаілі сьветлагорскі пясочак і былі задаволеныя. Мяне амаль ніколі не змушалі рабіць што-небудзь у нашым агародзе. Бацькі самі ўпраўляліся на нашых шасьці сотках, ім гэта падабалася. Але там, ад іх я палюбіў поркацца ў зямлі, што прачнецца ўва мне значна пазьней.

Дык вось там, на нашым агародзе, улетку 1979 года ў маленькай летняй хатцы, у засені саду і кустоў, я пражыў некалькі дзён – пісаў адкрыты ліст у абарону беларускай мовы.

Я не разумеў, чаму так мала ў нашым жыцьці месца для беларускай мовы. Некалькі разоў на ўроках ці падчас коаснай гадзіны я задаваў гэтае пытаньне нашай “класухе”, як мы называлі Антаніну Міхайлаўну. Яна вяла нас з пятага класу, таму ў каго як ні ў яе мне спрабаваць атрымаць адказ на пытаньне пра гэтую відавочную несправядлівасьць.

Яна штораз адказвала, што ў нас кожны можа размаўляць на той мове, на якой хоча: ці па-руску, ці па-беларуску. Але мяне не задавальняў такі адказ. Талерантнасьць гэтая была ўяўная і няшчырая. Яна не давала ніякіх шанцаў для беларускай мовы. І гэта выклікала ў мяне нязгоду і абурэньне. Я часам знарок ужываў беларускія словы, выразы, сказы, выказваўся і ў класе і сярод сваіх сяброў за беларускую мову. І ўрэшце зьявілася разуменьне, што праблема захаваньня, разьвіцьця, ужываньня беларускай мовы – гэта праблема грамадзкая. Таму грамадзтва павінна думаць, як яе вырашыць. Таму і вырашыў я напісаць адкрыты ліст у буйныя саюзныя газеты “Известия”, “Труд” і рэспубліканскую “Советскую Белоруссию”.

У гэтым годзе я скончыў школу, зьбіраўся ехаць на падрыхтоўчыя курсы на беларуска-рускае аддзяленьне гісторыка-філалагічнага факультэту ў Гомельскі ўніверсітэт. Я ўжо меў запрашэньне на падрыхтоўчыя курсы і вось сядзеў і пісаў свой ліст у абарону беларускай мовы. І я напісаў яго, выказаўшы ўсе свае крыўды і трывогі. Хіба ж я мог тады падумаць, наіўны, што палітыка асіміляцыі беларусаў, палітыка русіфікацыі і была дзяржаўнай палітыкай. А тых, хто выступаў насуперак, білі па руках.

Я тады гэтага яшчэ ня ведаў. Але калі я прачытаў свой ліст, я зразумеў, хоць ніхто мне гэтага не тлумачыў і не засьцерагаў, што калі я пашлю напісанае, то наўрад ці паступлю на філфак, а пайду тады, хутчэй за ўсё, круціць гайкі на “хімдым”, туды, дзе працуюць мае бацькі. І я не паслаў гэты ліст. Я паклаў яго ў папку і паехаў у Гомель рыхтавацца да іспытаў. У 10-м класе настаўніка-беларусіста ў нас не было. Сямён Сямёнавіч сыйшоў на нейкую цікавейшую для яго працу. Беларускую літаратуру ў нас яшчэ так-сяк выкладалі зьменныя настаўнікі, а на ўрокі беларускай мовы іх не хапала, і мы ішлі гуляць у футбол. Я мусіў хоць трохі падцягнуць беларускую мову.

 Чытайце таксама:

Алесь Бяляцкі. З чаго пачалася мая беларускасьць. Частка 1

Алесь Бяляцкі. З чаго пачалася мая беларускасьць. Частка 2

Алесь Бяляцкі. З чаго пачалася мая беларускасьць. Частка 3

Алесь Бяляцкі. З чаго пачалася мая беларускасьць. Частка 4

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства