viasna on patreon

Сяргей Мацкевіч: Абвінавачванні НДА ў «фінансавых парушэннях» - сусветны аўтарытарны трэнд

2013 2013-04-30T16:22:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sjarhei-mackevicz.jpg
Сяргей Мацкевіч

Сяргей Мацкевіч

30 красавіка стартаваў Міжнародны тыдзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Расеі.

У апошні час расейскія ўлады пачалі маштабную кампанію пераследу трэцяга сектара. Праводзяцца ператрусы ў праваабарончых і іншых няўрадавых арганізацыях, уведзенае адыёзнае заканадаўства аб «замежных агентах», пачасціліся спробы дыскрэдытацыі дзейнасці праваабаронцаў у СМІ, пракурорскія праверкі, пагрозы крымінальнага пераследу.

Пра рэпрэсіі, якія зараз адбываюцца ў Расеі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці, распавёў старшыня працоўнай групы беларускай Асамблеі НДАСяргей Мацкевіч.

«Праблема наступлення на правы і свабоды няўрадавых арганізацый на постсавецкай прасторы з'яўляецца надзвычай актуальнай. Мы назіраем істотны адкат назад у гэтай сферы. Усё новыя і новыя абмежаванні дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці ўводзяцца ва Украіне, у Казахстане, а найбольш ярка цяпер гэта бачна ў Расеі, - упэўнены Сяргей Мацкевіч. - Можна сказаць, што грамадства гэтых краін праходзяць той шлях, які беларуская грамадзянская супольнасць праходзіла ў канцы 1990-х - пачатку 2000-х гадоў.

Усё часцей дзейнасць няўрадавых арганізацый становіцца нелегальнай. Усё мацней абмяжоўваецца права на свабоду асацыяцыяў. Сітуацыя ў Расеі ў гэтым сэнсе сёння вельмі паказальная. Мы бачым, што тысячы НДА па ўсёй краіне апынуліся пад пагрозай фінансавага пераследу і магчымай ліквідацыі. Супраць кіраўнікоў гэтых арганізацый могуць быць нават заведзеныя крымінальныя справы.

Наступленне на грамадзянскую супольнасць - верная прыкмета аўтарытарнага рэжыму. Спробы выкарыстоўваць фінансавае заканадаўства для прыцягнення арганізацый да адказнасці з'яўляюцца сусветным аўтарытарным трэндам. Такая пагроза распаўсюджваецца па ўсім свеце. Нездарма Міжнародная федэрацыя ў абарону правоў чалавека (FIDH) нядаўна апублікавала справаздачу аб стане гэтай праблемы ў глабальным вымярэнні. Можна казаць пра надзвычайную «папулярнасць» такога роду ціску на дзейнасць НДА ў недэмакратычных краінах.

Менавіта таму важна прыцягваць увагу да гэтай праблемы. Асабліва цяпер, калі Расея праходзіць працэдуру ўніверсальнага перыядычнага агляду Арганізацыі аб'яднаных нацый. Менавіта тэма забеспячэння дзейнасці няўрадавых арганізацый становіцца прадметам шматлікіх рэкамендацый з боку тых дзяржаў, якія ўдзельнічаюць у працэсе».

Старшыня працоўнай групы Асамблеі НДА нагадаў, што ў пачатку красавіка прадстаўнікі беларускіх няўрадавых арганізацый выступілі з сумеснай заявай з нагоды пераследу некамерцыйных арганізацый і праваабаронцаў у Расейскай Федэрацыі.

У заяве лідары грамадзянскай супольнасці Беларусі заклікалі ўлады суседняй краіны спыніць кампанію пераследу расейскіх НДА і не пераймаць вопыт беларускіх уладаў па разбурэнні інфраструктуры грамадзянскай супольнасці, які ў нашай краіне прывёў да ўзмацнення аўтарытарызму.

У дакуменце таксама прагучаў заклік да дзяржаў-удзельніц ААН не дапускаць дыскрымінацыйнага прымянення абмежаванняў у дачыненні да патэнцыйных крыніц фінансавання, закліканых падтрымліваць працу праваабаронцаў, акрамя тых, якія звычайна прадугледжваюцца ў выпадку любой іншай дзейнасці, не звязанай з правамі чалавека. Таксама ў ім утрымліваецца патрабаванне аб тым, каб ні адзін закон не ўтрымліваў палажэнняў аб крыміналізацыі або дэлегітымізацыі дзеянняў у абарону правоў чалавека на падставе геаграфічнага паходжання фінансавых сродкаў.

Чаму 30 красавіка - Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Расеі?

30 красавіка 1968 года выйшаў першы ў СССР праваабарончы інфармацыйны бюлетэнь «Хронікі бягучых падзей». Ён тыражаваўся на друкавальных машынках і распаўсюджваўся дысыдэнтамі. Менавіта «Хронікі» ў далейшым сталі сувязнай кропкай праваабарончага руху, спрыялі з'яўленню першых праваабарончых арганізацый у СССР.

Зараз для грамадзянскай супольнасці Расеі наступаюць складаныя часы. Праваабаронцы заклікаюць звярнуць на гэта ўвагу і аказаць падтрымку няўрадавым арганізацыям.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства